Светлый фон

У варотах гімназіі Швейк пакінуў паручніка Дуба. Той, хістаючыся, падняўся ўгару па лесвіцы ў настаўніцкую, дзе адбывалася ваенная нарада, і адразу ж далажыў капітану Сагнеру, што ён ушчэнт п’яны.

У час дакладу ён сядзеў, звесіўшы галаву, а ў спрэчках зрэдку падымаўся, каб усклікнуць:

– Ваш погляд правільны, панове, але я зусім п’яны!

План дыспазіцыі быў распрацаваны. Рота паручніка Лукаша была прызначана ў авангард. Паручнік Дуб знянацку скалануўся, устаў і сказаў:

– Я памятаю, панове, нашага класнага настаўніка ў першым класе! Слава яму, слава яму, слава яму!

Надпаручнік Лукаш падумаў, што будзе лепш загадаць дзеншчыку Кунерту пакласці паручніка Дуба побач, у фізічным кабінеце, каля дзвярэй якога стаяў вартаўнік, каб ніхто не мог украсці ўжо напалову раскрадзеную калекцыю мінералаў. На гэта брыгада ўвесь час звяртала ўвагу часцей, якія праходзілі праз горад.

Гэта асцярога датавалася тым часам, калі адзін з ганведскіх батальёнаў, размешчаны ў гімназіі, паспрабаваў абакрасці кабінет. Асабліва спадабалася ганведам калекцыя мінералаў – стракатых крышталяў і калчаданаў, якія яны разапхалі па сваіх кайстрах.

На вайсковых могілках на адным з белых крыжоў ёсць надпіс: «Ласла Гаргань». Там спіць вечным сном ганвед, які пры грабяжы гімназічных калекцый выпіў увесь дэнатурат са слоіка, у якім былі заспіртаваны розныя паўзуны.

Сусветная вайна вынішчала чалавечае пакаленне нават настойкай на змеях.

Калі падрыхтоўка да выступлення паводле новай дыспазіцыі была закончана, брыгадны генерал сабраў увесь батальён, пастроіў яго, як звычайна, у карэ і пачаў прамову. Генерал вельмі любіў красамоўнічаць. Ён плёў лухту, пераскокваў з пятага на дзесятае, а калі ўжо не было пра што гаварыць, успомніў пра палявую пошту.

– Салдаты! – гарлапаніў ён на ўсю плошчу, – мы набліжаемся да непрыяцельскіх пазіцый, ад якіх нас сёння аддзяляюць толькі некалькі дзённых пераходаў. Салдаты, у час паходу вы пакуль не мелі магчымасці паведаміць вашым блізкім, якіх вы пакінулі, свае адрасы, каб вашы далёкія ведалі, куды вам пісаць, і каб вас маглі парадаваць лісты вашых дарагіх пакінутых…

Ён ужо не мог выблытацца з павуціння пустых слоў, бясконца паўтараючы: «Мілыя далёкія – дарагія блізкія – мілыя пакінутыя» і г. д., пакуль не вырваўся з гэтай павуціны магутным клічам: «Для гэтага і ёсць у нас палявыя пошты!»

У далейшым яго прамова стварала ўражанне, што ўсе людзі ў шэрых мундзірах павінны ісці на разню з найвялікшай радасцю толькі таму, што на фронце існуе палявая пошта. I калі снарадам каму-небудзь адарве абедзве нагі, то кожнаму будзе прыемна паміраць, успомніўшы, што нумар яго палявой пошты 72, і там, можа быць, ляжыць ліст з дому ад далёкіх мілых і пасылка з кавалкам вяндліны, сала і хатніх сухароў.