Усё было страшэнна заблытана. Рускія паспешна адступалі з паўночна-ўсходняй Галіцыі, так што некаторыя аўстрыйскія часці перамяшаліся, сямтам у размяшчэнне аўстрыйскіх войск уразаліся клінам часці германскай арміі. Хаос павялічвалі новыя маршавыя батальёны і іншыя вайсковыя часці, якія ўвесь час прыбывалі на фронт. Тое ж адбывалася і ў прыфрантавой паласе, напрыклад, тут, у Санаку, куды раптам з’явіўся рэзерв германскай гановерскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка з такім праціўным поглядам, што брыгадны генерал зусім разгубіўся. Палкоўнік рэзерву гановерскай дывізіі паказаў дыспазіцыю свайго штаба, паводле якой яго салдат павінны былі размясціць у памяшканні гімназіі, дзе толькі што раскватаравалі батальён Дзевяноста першага палка. Для размяшчэння свайго пітаба ён патрабаваў ачысціць будынак Кракаўскага банка, у якім знаходзіўся штаб брыгады.
Брыгадны камандзір звязаўся з дывізіяй, дакладна далажыў сітуацыю, а затым з дывізіяй гаварыў гановерац з паганым вокам, і ў выніку гэтых размоў брыгада атрымала загад: «Брыгадзе пакінуць горад у шэсць гадзін вечара і ісці ў напрамку Турава-Вольска – Ліскавец – Старая Соль – Самбар, дзе чакаць далейшых распараджэнняў. Разам з ёй выступае з горада маршавы батальён Дзевяноста першага палка, які ўтварае прыкрыццё».
У гімназіі ўсчалася мітусня. На нарадзе батальёна адсутнічаў толькі паручнік Дуб, адшукаць якога было даручана Швейку.
– Спадзяюся, – сказаў Швейку надпаручнік Лукаш, – вы знойдзеце яго без асаблівых цяжкасцей, а то паміж вамі заўсёды нейкія нелады.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, прашу даць пісьмовы загад ад роты менавіта таму, што паміж вамі вечна нейкія нелады.
Пакуль надпаручнік Лукаш пісаў на лістку блакнота загад паручніку Дубу неадкладна з’явіцца ў гімназію на нараду, – Швейк яго запэўніваў:
– Цяпер, пан обер-лейтэнант, вы, як заўсёды, можаце быць спакойным. Я яго знайду, бо з той прычыны, што салдатам забаронена хадзіць у бардакі, то ён абавязкова будзе ў адным з іх. Яму ж трэба быць упэўненым, што ніхто з яго ўзвода не хоча трапіць пад палявы суд, якім ён увесь час пагражае. Ён сам аб’явіў салдатам, што абыдзе ўсе бардакі і што яны ўведаюць яго з кепскага боку. Зрэшты, я ведаю, дзе ён. Вось тут, насупраць, у гэтай кавярні, бо ўсе яго салдаты сачылі, куды ён пойдзе.
«Аб’яднаныя мэбляваныя пакоі і гарадская кавярня» – установа, пра якую ўпамянуў Швейк, – была падзелена на дзве часткі. Хто не хацеў ісці праз кавярню, ішоў чорным ходам, дзе выгравалася на сонцы старая пані, якая па-нямецку, па-польску і па-венгерску вымаўляла запрашэнне такога зместу: «Заходзьце, салдацік, у нас прыгожанькія дзяўчаткі!»