У канцы стала кляваў носам маёр, які трохі перабраў, але, абудзіўшыся, ён жвава наліў у два келіхі нейкага лікёру, расчысціў сабе дарогу сярод крэслаў і прымусіў ужо ачмурэлага божага служку выпіць з ім на брудэршафт. Потым маёр зноў зваліўся ў сваё крэсла і працягваў кляваць носам.
Келіх, выпіты на брудэршафт, кінуў фельдкурата ў пастку д’ябла, які працягваў яму свае абдымкі з кожнай бутэлькі на стале, з усіх поглядаў і ўсмешак вясёлых дам, якія паклалі ногі на стол так, што на фельдкурата з карунак паглядаў Вельзевул.
Да апошняе хвіліны фельдкурат не губляў пераканання, што стаўкай у гэтай д’ябальскай гульні з’яўляецца яго душа і што ён сам – пакутнік.
Гэта ён выказаў у разважанні, з якім звярнуўся да двух дзеншчыкоў генерала, якія адносілі яго ў суседні пакой на канапу:
– Сумнае, але і ўзвышанае відовішча паўстае перад вашымі вачамі, калі вы з чыстым сэрцам і са светлымі думкамі прыгадаеце шэраг праслаўленых пакутнікаў, якія сталі ахвярамі за веру. Вы па мне бачыце, як чалавек узвышаецца над усімі пакутамі, калі ў яго сэрцы жывуць праўда і дабрадзейнасць, якія ўзбройваюць яго для дасягнення слаўнай перамогі над самымі страшнымі пакутамі.
Тут пастыра павярнулі тварам да сцяны, і ён імгненна заснуў.
Раздзел III. Швейк зноў у сваёй маршавай роце
Раздзел III. Швейк зноў у сваёй маршавай роце
Маёр, які на ўчарашнім ранішнім пасяджэнні суда па справе Швейка выконваў абавязкі аўдытара, быў той самы афіцэр, які на вечары ў генерала кляваў носам і піў з фельдкуратам на “ты”.
Ніхто не заўважыў, калі і як маёр пакінуў уначы генеральскую кампанію. Усе былі ў такім стане, што адсутнасць маёра прайшла міма ўвагі, а сам генерал нават не мог распазнаць, хто з гасцей з ім гаворыць. Маёра ўжо больш як дзве гадзіны не было сярод гасцей, а генерал, пакручваючы вусы і па-дурному ўсміхаючыся, гарлаў:
– Добра сказана, пан маёр!
Раніцай маёра нідзе не маглі знайсці. Шынель яго вісеў у пярэднім пакоі, шабля – на вешалцы, не хапала толькі афіцэрскай фуражкі. Думалі, што ён мог заснуць дзе-небудзь у прыбіральні, абшукалі ўсе зацішныя куткі, але маёра не знайшлі. Маёр нібы ў ваду кануў.
Але калі б хто-небудзь зазірнуў у закратаванае акенца вязніцы, дзе быў замкнуты Швейк, то ўбачыў бы, што пад рускім шынялём на адным ложку спяць двое. З-пад шыняля выглядвалі дзве пары ботаў: тыя, што са шпорамі, належалі маёру, а без шпораў – Швейку.
Каля дзевятай гадзіны, калі беганіна ў пошуках маёра дасягнула свайго апагею, Швейк злез з нараў і, палічыўшы, што будзе дарэчы пабудзіць пана маёра, некалькі разоў як след страсянуў яго і сцягнуў з яго рускі шынель. Нарэшце маёр сеў на нарах і, тупа ўзіраючыся ў Швейка, шукаў у яго разгадкі таго, што, уласна кажучы, з ім адбылося.