А, звяртаючыся да Швейка, ён сказаў яму па-чэшску:
– Ты п’еш маю кроў, разумееш?
– П’ю, – з годнасцю адказаў Швейк.
– Вы самі бачыце, пан палкоўнік, што гэта за чалавек, – працягваў паручнік Дуб па-нямецку. – Яго ж ні аб чым нельга спытаць, з ім ні аб чым нельга пагаварыць. Але ж калі-небудзь нойдзе каса на камень! Думаю, што яго трэба прыкладна накараць. Дазвольце, пан палкоўнік…
Паручнік Дуб паглыбіўся ў паперу, складзеную маёрам з Перамышля і, дачытаўшы да канца, урачыста ўсклікнуў, звяртаючыся да Швейка:
– Цяпер табе гамон! Куды ты дзеў казённую форму?
– Я пакінуў яе на плаціне сажалкі, калі прымяраў гэтыя анучы, каб адчуць, як у іх ходзяць рускія салдаты, – адказаў Швейк. – Гэта нішто іншае, як непаразуменне.
I Швейк пачаў расказваць паручніку Дубу, чаго ён толькі не нацярпеўся з-за гэтага непаразумення, а калі скончыў, паручнік Дуб закрычаў:
– Вось цяпер ты мяне пазнаеш! Ты разумееш, што гэта такое згубіць казённую маёмасць? Ты, нягоднік!
– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, – адказаў Швейк, – я разумею: калі салдат згубіць форму, ён павінен атрымаць новую.
– О божа, – выкрыкнуў паручнік Дуб, – ты асёл, ты быдла паганае, калі ты будзеш са мной такія кепікі строіць, то яшчэ сто гадоў пасля вайны будзеш даслужваць!
Палкоўнік Гербіх, які да гэтага часу спакойна і чынна сядзеў за сталом, раптам страшэнна ашчэрыўся, бо яго палец, які пакуль паводзіў сябе ціха, з лагоднага і рахманага ягняці ператварыўся ў лютага тыгра, у электрычны ток у шэсцьсот вольт, у палец, кожную костачку якога молатам крышаць на друз. Палкоўнік Гербіх толькі махнуў рукой і зароў дзікім голасам:
– Прэч! Дайце мне рэвальвер!
Гэта ўжо ўсе ведалі, таму выскачылі прэч разам са Швейкам, якога канвойныя выпіхнулі ў калідор. Застаўся адзін паручнік Дуб. Ён хацеў у гэты, як яму здавалася, зручны момант накляпаць на Швейка і сказаў скрыўленаму палкоўніку:
– Пан палкоўнік, дазвольце мне звярнуць вашу ўвагу на тое, што гэты чалавек…
Палкоўнік замяўкаў і шпурнуў у паручніка чарніліцу, пасля чаго перапалоханы паручнік казырнуў і, пралапатаўшы: «Вядома, пан палкоўнік», знік за дзвярыма.
Яшчэ доўга з палкоўнікавай канцылярыі азываўся рык і лямант, але нарэшце яны аціхлі. Палец палкоўніка нечакана зноў ператварыўся ў рахманае ягнятка, прыступ падагры мінуў, палкоўнік пазваніў і загадаў зноў прывесці да яго Швейка.
– Дык што, урэшце, з табой адбылося? – ласкава спытаў палкоўнік Швейка.
Па-прыяцельску ўсміхаючыся палкоўніку, Швейк распавёў яму ўсю сваю адысею, паведаміў, што ён ардынарац адзінаццатай маршавай роты Дзевяноста першага палка і што зусім не ўяўляе сабе, як яны там без яго абыходзяцца.