Калі Швейка нарэшце прывялі, маёр загадаў яму растлумачыць, што з ім здарылася каля Фельдштэйна і адкуль узялася гэтая руская форма.
Швейк належным чынам усё высветліў, падмацаваўшы свой аповед прыкладамі з гісторыі людскіх нягод. Калі ж маёр запытаў, чаму ён пра ўсё гэта не расказаў на допыце, Швейк адказаў, што яго, уласна, ніхто і не пытаў, як да яго трапіла руская форма. Усе пытанні былі аднаго складу: «Ці прызнаяце вы, што добраахвотна, без усялякага націску апрануліся ў форму непрыяцеля?» З той прычыны, што гэта была праўда, ён не мог сказаць нічога іншага, як толькі: «Канечне, так, вядома, так точна, бясспрэчна». Але, не трэба забываць, ён з абурэннем адкінуў на судзе абвінавачанне ў тым, што ён, маўляў, здрадзіў пану імператару.
– Гэты чалавек проста ідыёт, – сказаў генерал маёру. – Пераапранацца на плаціне ў рускую форму, якую там бог ведае хто пакінуў, і дазволіць уключыць сябе ў эшалон рускіх палонных – такое можа зрабіць толькі ідыёт.
– Асмелюся далажыць, – адгукнуўся Швейк, – я, дапраўды, сам часам заўважаю, што я слабаваты на галаву, асабліва пад вечар.
– Цыц, боўдзіла! – абсек яго маёр і звярнуўся да генерала з пытаннем, што рабіць са Швейкам зараз.
– Няхай вешаюць у яго брыгадзе, – вырашыў генерал.
Праз гадзіну Швейка пад канвоем вялі на вакзал, каб даставіць яго ў Ваяліч, дзе стаяў штаб брыгады.
Тым часам у штабе брыгады адбыліся вельмі важныя перамены. Начальнікам штаба быў прызначаны палкоўнік Гербіх. Гэта быў чалавек з вялікімі вайсковымі здольнасцямі, якія засяродзіліся ў яго чамусьці ў назе ў форме падагры. Але ў міністэрстве ён меў вельмі ўплывовых знаёмых, якія дапамагалі яму туляцца па розных штабах буйных вайсковых злучэнняў, не думаючы аб выхадзе ў адстаўку. Ён атрымліваў вышэйшыя аклады з самымі разнастайнымі надбаўкамі ваеннага часу і заставаўся пры пасадзе датуль, пакуль у час прыступу падагры не выпальваў якога-небудзь чарговага глупства. Тады яго зноў куды-небудзь пераводзілі, і звычайна не абы-як, а з павышэннем. За абедам ён гаварыў з афіцэрамі на адну і тую ж тэму: пра свой ацёклы вялікі палец на назе, які часам так распухаў, што палкоўніку даводзілася насіць адмысловы вялікі бот.
Самай любай яго забавай у час яды было расказваць усім прысутным, што гэты яго палец мокне і няспынна пацее, што прыходзіцца ўвесь час завінаць яго ў вату, а пот пальца смярдзіць пракіслым супам з ялавічыны.
Таму, калі Гербіха пераводзілі на новае месца, усе афіцэры са шчырай радасцю расставаліся з ім. Але ўвогуле гэта быў даволі дабрадушны пан, ён добразычліва ставіўся да малодшых афіцэраў, расказваў ім, колькі раней ён выпіў і з’еў смачных напояў і страў, пакуль яго не прыціснула.