Светлый фон

Калі Швейка даставілі ў брыгаду і па загаду дзяжурнага афіцэра з належнымі паперамі прывялі да палкоўніка Гербіха, у таго ў канцылярыі сядзеў паручнік Дуб.

Праз некалькі дзён пасля пераходу Санак – Самбар з паручнікам Дубам сталася адна прыгода. За Фельдштэйнам адзінаццатая маршавая рота напаткала транспарт коней, які пераганялі ў драгунскі полк у Садовую Вішню.

Паручнік Дуб і сам не ведаў, як так выйшла, што ён захацеў паказаць падпаручніку Лукашу сваё кавалерыйскае майстэрства. Ён не памятаў, як ускочыў на каня і знік з ім у даліне ручая, дзе крыху пазней і знайшлі паручніка Дуба, які добра ўгруз у невялікім балотцы. Відаць, і самы ўмелы садоўнік не змог бы так удала пасадзіць парастак, як пасадзіў паручніка яго конь. Калі паручніка выцягнулі адтуль з дапамогай вяровак, ён ні на што не скардзіўся і толькі ціха стагнаў, як перад пагібеллю. У такім стане яго прывезлі ў штаб брыгады і паклалі ў лазарэт.

Праз некалькі дзён ён ачуўся, і лекар аб’явіў, што яшчэ два ці тры разы яму памажуць спіну і жывот ёдам, а потым ён смела можа даганяць сваю роту.

Цяпер паручнік Дуб сядзеў у палкоўніка Гербіха і размаўляў з ім аб розных хваробах.

Убачыўшы Швейка, Дуб, якому было вядома пра загадкавае знікненне ардынарца каля Фельдштэйна, голасна ўсклікнуў:

– Дык ты зноў тут! Шмат хто з нягоднікаў уцякае, а яшчэ горшыя шэльмы дык і вяртаюцца! Ты – адзін з такіх.

Дарэчы будзе заўважыць, што ў выніку прыгоды з канём паручнік Дуб атрымаў лёгкае страсенне мазгоў, таму мы не павінны здзіўляцца, што падышоўшы бліжэй да Швейка, ён, заклікаючы боскую дапамогу ў барацьбе са Швейкам, крычаў вершам:

– Ойча наш, да цябе я звяртаюся! Дымам гарматы ад войска заслонены, свішчуць жахліва кулі шалёныя, клічу цябе я, айца і заступніка, сілы мне дай супраць Швейка-паскудніка… Дзе ты так доўга цягаўся, бадзяга, якая ў цябе на плячах апранаха?

Варта яшчэ дадаць, што ў канцылярыі палкоўніка, калі яго не мучыла падагра, была даволі дэмакратычная завядзёнка: тут вайскоўцы ўсіх чыноў аціраліся, каб выслухаць ягоныя меркаванні наконт ацёклага пальца з пахам пракіслага булёну.

Палкоўнік ніяк не мог узяць у толк, чаго хацеў ад яго маёр, бо той у Перамышлі дыктаваў гэты ліст пад уздзеяннем лёгкага алкагольнага ачмурэння. Але палкоўнік Гербіх быў у добрым настроі, бо ўчора прыкры боль спыніўся, і яго вялікі палец паводзіў сябе ціхамірна, як ягнятка.

– Дык што вы там, уласна, навычваралі? – спытаў ён Швейка такім ласкавым тонам, што ў паручніка Дуба скаланулася сэрца, і ён адказаў замест Швейка:

– Гэты салдат, пан палкоўнік, – адрэкамендаваў ён Швейка, – строіць з сябе дурня, каб прыкрыць ідыёцтвам свае паскудныя ўчынкі. Хаця я не азнаёмлены са зместам дасланага з ім ліста, але тым не меней думаю, што гэты дурыла зноў нешта адпаліў, і ў больш буйным маштабе. Калі вы дазволіце мне, пан палкоўнік, пазнаёміцца са зместам гэтай паперы, я, канечне, мог бы вам даць пэўныя парады, як з ім абысціся.