Светлый фон

– Асмелюся далажыць, пан маёр, – сказаў Швейк, – ужо некалькі разоў сюды прыходзілі з каравулкі, каб пераканацца, ці вы яшчэ жывы. Таму я дазволіў сабе пабудзіць вас цяпер, бо не ведаю, як доўга вы звыклі спаць, каб не праспалі. На піваварні ў Угржыневесі працаваў адзін бондар, дык ён заўсёды спаў да шасці гадзін раніцы, але калі праспіць хоць бы чвэрць гадзінкі, гэта значыць да чвэрці на сёмую, то ўжо потым спаў да самага поўдня. I так ён рабіў аж да таго дня, калі яго выперлі з працы, дык ён са злосці нанёс знявагу царкве і аднаму члену пануючай фаміліі.

– Ты, напэўна, дурны? – вымавіў маёр з адценнем некаторага адчаю, бо пасля ўчарашняга галава яго нагадвала расколаты чыгун, і ён не мог знайсці адказы на пытанні, чаму ён тут сядзіць, навошта сюды прыходзілі з каравулкі і чаму гэты дзяцюк, які стаіць перад ім, вярзе такую бязглуздзіцу, што не зразумееш, дзе пачатак, дзе канец. Усё здавалася яму страшэнна дзіўным. Ён цьмяна прыгадваў, што аднойчы тут ужо быў уначы, але дзеля чаго?

– Я ўжо тут быў уначы? – спытаў ён не вельмі ўпэўнена.

– Паводле загаду, пан маёр, – адказаў Швейк, – як я зразумеў са слоў пана маёра, дык асмелюся далажыць, пан маёр прыйшоў сюды мяне дапытаць.

I тут у маёра ў галаве пасвятлела, ён перш паглядзеў на сябе, потым азірнуўся, нібы нечага шукаючы.

– Зрабіце ласку, пан маёр, ні пра што не турбуйцеся, – супакойваў яго Швейк. – Вы прачнуліся зусім гэтак, як і прыйшлі сюды – без шыняля, але ў фуражцы. Ваша фуражка вунь там, я мусіў узяць яе ад вас з рук, бо вы хацелі падкласці яе сабе пад галаву.

A вы ж ведаеце, што парадная афіцэрская фуражка – гэта ўсё роўна, што цывільнаму цыліндр. Выспацца на цыліндры ўмеў толькі адзін пан Кардэраз у Лодзеніцы. Той выцягнецца ў карчме на лаўцы, падкладзе цыліндр пад галаву, а ён спяваў на пахаваннях і, канечне, на пахаванне заўсёды надзяваў цыліндр, дык вось, падкладзе цыліндр сабе пад галаву і наказвае сабе, што не павінен яго памяць. I ўсю ноч узносіцца над цыліндрам, быццам цела зусім ніколькі не важыла, так што цыліндру гэта зусім не шкодзіла, наадварот, яшчэ ішло на карысць, бо варочаючыся з боку на бок, Кардэраз сваімі валасамі яго глянцаваў і нават як бы прасаваў.

Маёр, які цяпер ужо ўсведаміў, што і як, не перастаючы тупа глядзець на Швейка, толькі і казаў:

– Ты дурыць, так? Я быць тут, я ісці адсюль. – Ён устаў, падышоў да дзвярэй і моцна загрукаў у іх.

Перш чым прыйшлі адчыніць, ён паспеў сказаць Швейку:

– Калі тэлеграм не прыйсці, што ты ёсць ты, то ты вісець.

– Шчыра дзякую, – адказаў Швейк, – я ведаю, пан маёр, што вы вельмі дбаеце пра мяне, але калі вы, пан маёр, можа, тут на сенніку адну падхапілі, то будзьце ўпэўнены, калі яна маленькая і з чырвоненькай спінкай, дык гэта самец, і калі ён толькі адзін і вы не знойдзеце такой доўгай шэрай з чырванаватымі палоскамі на брушку, дык добра, у інакшым выпадку то была б парачка, а яны, гэтыя нягоднікі, страх як хутка размнажаюцца, яшчэ хутчэй, чым трусы.