– Lassen Sie das! – знясілена сказаў Швейку маёр, калі яму адчынялі дзверы.
У каравульным памяшканні маёр ужо не рабіў ніякіх сцэн. Вельмі стрымана ён распарадзіўся паклікаць рамізніка і, трасучыся ў брычцы па выбоінах бруку Перамышля, усё разважаў аб тым, што злачынца – першарадны ідыёт, але ўсё ж гэта, відаць, бязвінная жывёліна, а што да яго, маёра, то нічога не застаецца, як застрэліцца адразу, вярнуўшыся дадому, альбо паслаць па шынель і шаблю да генерала і з’ездзіць выкупацца ў гарадскіх лазнях, а пасля купання зайсці ў шынок да Фальгрубера, спагнаць там смагу, а на вечар заказаць білеты ў гарадскі тэатр.
Перш чым даехаць да сваёй кватэры, ён выбраў апошняе. Дома яго чакала маленькая неспадзяванка. Ён паспеў якраз у пару. У калідоры стаяў генерал Фінк і трымаў за каўнер яго дзеншчыка, трос яго, як сідараву казу, і роў: «Дзе твой маёр, жывёліна? Гавары, быдла!»
– Я тут, – адгукнуўся маёр Дэрвота ў дзвярах, якому спалучэнне слоў «маёр-аўдытар» і «тэлеграма» зноў прыгадала службовыя абавязкі.
– Аа! – усклікнуў генерал Фінк. – Ты вяртаешся?
У голасе яго было столькі з’едлівасці, што маёр, нічога не адказваючы, застаўся нерашуча стаяць у дзвярах.
Генерал загадаў прайсці з ім у пакой. Калі ж яны селі за стол, ён кінуў схвастаную аб дзеншчыка тэлеграму на стол і вымавіў трагічным голасам:
– Чытай, гэта твая работа?
Пакуль маёр чытаў тэлеграму, генерал бегаў па пакоі, перакульваючы крэслы і табурэткі, і крычаў:
– А ўсё-такі я яго павешу! Тэлеграма была такога зместу: «Пехацінец Ёзаф Швейк, ардынарац адзінаццатай маршавай роты прапаў без вестак 16 га г. м. на пераходзе Хыраў – Фельдштэйн, будучы ў службовай камандзіроўцы як кватар’ер. Неадкладна адправіць пехацінца Швейка ў штаб брыгады ў Ваяліч».
Маёр выцягнуў шуфляду стала, дастаў адтуль карту і задумаўся: Фельдштэйн у сарака кіламетрах на паўднёвы ўсход ад Перамышля. Нейкая дзікая загадка – як мог Швейк знайсці рускую форму ў мясцінах, аддаленых ад лініі фронту больш чым на сто пяцьдзесят кіламетраў, калі акопы цягнуцца па лініі Сакаль – Турцэ – Казлоў.
Калі маёр паведаміў пра гэта генералу і паказаў яму на карце месца, дзе, паводле тэлеграмы, колькі дзён назад прапаў Швейк, генерал зароў, як бык, бо адчуў, што ўсе яго спадзяванні на паскораны суд рассеяліся, як дым. Ён падышоу да тэлефона, звязаўся з каравулкай і аддаў загад зараз жа прывесці арыштаванага Швейка на маёраву кватэру.
Пакуль загад выконваўся, генерал са страшэннымі кленічамі выказваў сваё нездавальненне тым, што не распарадзіўся павесіць Швейка адразу, на свой уласны страх і рызыку, без усялякага следства.