Светлый фон

Не мае сэнсу апісваць тут маю радасць, маё ўзрушэнне, бязмежны экстаз майго сэрца. Калі можна звар’яцець ад шчасця, то гэта быў акурат такі момант. Я кахаў. Кахаў упершыню – так мне тады здавалася. Гэта было найвышэйшае, абсалютнае каханне. «Каханне з першага позірку» – і гэты першы позірк быў ацэнены і вернуты.

Так, вернуты. Як я мог сумнявацца ў гэтым хаця б хвіліну? Як яшчэ можна было патлумачыць паводзіны гэткай прыгожай, багатай і, несумненна, культурнай, бездакорна выхаванай дамы з гэткім статусам у свеце і гэтак паважанай усімі, якой, безумоўна, была мадам Лаланд? О так, яна кахала мяне – яна адказала на маё палкае каханне гэткай жа бяспамятнай, няспыннай, бурлівай палкасцю – гэткай жа бурлівай, як мая ўласная! Мае прыўкрасныя фантазіі і летуценні былі, аднак, перапыненыя падзеннем заслоны. Заля ўстала, тут жа ўсчаўся звычайны ў такіх выпадках гармідар. Спехам развітаўшыся з Толбатам, я з усіх сілаў паспрабаваў як мага шчыльней наблізіцца да мадам Лаланд. Паколькі натоўп не дазволіў мне здзейсніць гэтага намеру, я спыніў пераслед і выправіўся дадому; свой адчай з той нагоды, што мне не ўдалося крануцца і акрайчыка яе сукні, я ўтаймоўваў думкай, што наступнага дня Толбат прадставіць мяне ёй належным чынам.

І ён надышоў, гэты дзень; дню, трэба сказаць, папярэднічала доўгая бяссонная ноч нецярплівасці; але вось развіднела – і пацягнуліся бясконцыя, незлічоныя гадзіны «да першай дня». Але нават Стамбулу, як гаворыцца, аднойчы будзе крэс, быў крэс і гэтаму пакутліваму чаканню. Прабіла гадзіну. Ледзь аціхла рэха ўдару, як я ўвайшоў у гатэль Б. і папрасіў паклікаць сябра.

– Нямашака, – адказаў служка – лёкай Толбата.

– Ня-ма-ша-ка? – перапытаў я, адступіўшы на колькі крокаў. – Мушу сказаць вам, шаноўны, што гэта абсалютна немагчыма і недапушчальна. Містэра Толбата не можа не быць. Што вы маеце на ўвазе?

– Толькі тое, сэр, што містэра Толбата няма ў апартаментах, вось і ўсё. Ён выехаў у С. адразу пасля сняданку і прасіў перадаць, што не вернецца ў горад раней чым праз тыдзень.

Я скамянеў ад жаху і раз’юшанасці. Я намагаўся гаварыць, але мой язык адмаўляўся слухацца. Нарэшце я выйшаў вонкі, збялелы ад гневу, у думках пасылаючы ўсё Толбатава племя ў найжарчэйшыя мясціны Апраметнай. Было відавочна, што мой абавязальны таварыш, гэты оперны маніяк, выкінуў з галавы нашую сустрэчу, не паспелі мы прызначыць яе. Зрэшты, ён ніколі не быў чалавекам, які надта трымаецца свайго слова. Але не было рады, утаймоўваючы, як мог, сваё злаванне, я панура сунуўся па вуліцы, завязваючы марныя размовы з кожным стрэчным, спрабуючы выпытаць нешта пра мадам Лаланд. Як я выявіў, ведалі яе ўсе, многія толькі з выгляду – яна гасцявала ў горадзе адно пару тыдняў, і ўсяго некалькі асобаў маглі пахваліцца асабістым знаёмствам з ёю. Гэтыя людзі, аднак, лічылі сваё знаёмства павярхоўным і не маглі – або не хацелі – узяць на сябе місію прадставіць мяне ёй падчас фармальнага ранішняга візіту. Пакуль я, поўны адчаю, гутарыў пра адзіны аб’ект маіх думак з трыма сябрамі, здарылася так, што аб’ект гэты мінаў нашую кампанію.