– У імя ўсяго святога, вось і яна! – ускрыкнуў першы сябар.
– Рэдкая красуня! – заявіў другі.
– Анёл на зямлі! – заключыў трэці.
Я абярнуўся. У дрожках, што паволі набліжаліся да нас па вуліцы, сядзела чароўная здань оперы ў кампаніі маладой дамы, якая тады была з ёй у ложы.
– Яе спадарожніца таксама выглядае даволі няблага, – сказаў той з тройцы, хто пачынаў першым.
– Неверагодна – ніяк не завяне: мастацтва здзяйсняе цуды. Клянуся, яна выглядае лепей, чым пяць гадоў таму ў Парыжы. Усё яшчэ прыгажуня, га, Фруасар, я хацеў сказаць, Сімпсан?
– Усё яшчэ? – быў мой адказ. – А чаму не? Але ў параўнанні са сваёй сяброўкай яна як свечка поруч з Мілавіцай, святляк поруч з Антарэсам*.
– Га-га-га, Сімпсан, у вас дзівосны дар рабіць адкрыцці – і вельмі арыгінальныя, я вам скажу.
Мы развіталіся, і адзін з тройцы пачаў напяваць вясёлы вадэвільчык, з якога я ўлавіў адно радкі:
Ninon, Ninon, Ninon à bas — A bas Ninon De L’Enclos!Падчас гэтай сцэнкі, аднак, здарылася рэч, якая суцешыла мяне, хоць і падагрэла маю ўсёабдымную жарсць. Калі дрожкі мадам Лаланд міналі нашу кампанію, я заўважыў, што яна мяне пазнала і, больш за тое, недвухсэнсоўна дала гэта зразумець, надзяліўшы самай анёльскай з усіх магчымых усмешак.
Што да нашага афіцыйнага знаёмства, я мусіў пакінуць усялякія спадзевы на гэта да моманту, калі Толбату заманецца вярнуцца з правінцыі. Цягнучы час, я спраўна наведваў усе папулярныя месцы свецкіх збораў і ў выніку, у тэатры, дзе я пабачыў яе ўпершыню, я меў шчасце пабачыць яе зноў, яшчэ аднаго разу абмяняўшыся з ёй позіркамі. Здарылася гэта, аднак, праз два тыдні. Усе два тыдні я штодня заходзіў да Толбата ў гатэль і штодня заходзіўся ў прыступе нямой ярасці ад вечнага «яшчэ нямашака» з вуснаў яго лёкая.
Вось жа, у вечар, пра які будзе гаворка, я быў у стане, блізкім да шаленства. Мадам Лаланд, якая, як мне сказалі, была парыжанкай – нядаўна з Парыжу, – магла туды нечакана вярнуцца – да прыезду Толбата, – і тады я страціў бы яе назаўсёды. Думаць пра гэта было невыносна. Вялося пра маё будучае шчасце, і я пастанавіў дзейнічаць як сапраўдны мужчына. Таму пасля заканчэння п’есы я пайшоў за дамай да яе дому, запомніў адрас і наступнага ранку даслаў ёй падрабязны ліст, у якім разнасцежыў сваю душу.
Я пісаў напорыста, вольна – пісаў жарсна. Я не хаваў нічога – нават сваіх слабасцяў. Я спасылаўся на рамантычныя абставіны нашай першай сустрэчы – у тым ліку на позіркі, якімі мы абмяняліся. Я дайшоў да таго, што выказаў упэўненасць ва ўзаемнасці нашых пачуццяў; гэтая ўпэўненасць, а таксама моц маёй прыхільнасці, паводле маіх словаў, апраўдвалі мае недаравальныя ў іншых абставінах паводзіны. Па-трэцяе, я казаў пра свой страх, што яна пакіне горад да таго, як я атрымаю магчымасць быць ёй прадстаўленым. Я скончыў гэтае самае палкае пасланне з тых, што калі-кольвек выходзілі з-пад пяра пісьменных, шчырым аповедам пра свае грашовыя справы – сваю заможнасць – і прапанаваў ёй руку і сэрца.