Светлый фон
З’ехаўшы з С. учора немавед куды, калі вернецца – не сказаўшы. Таму рашыў вярнуць ліст. Рука нібы вашая, а вы заўсёды нецярплівіце.

Кланяюся,

Кланяюся, Стабс

Пасля гэтага лішне казаць, што я ў думках нанізаў гаспадара на пару са служкам чарцям на вілы. Але злаваць не было сэнсу, а нараканні не суцяшалі.

Апошняй маёй надзеяй была мая прыроджаная дзёрзкасць. Дагэтуль яна служыла мне добрую службу, і я вырашыў зноў ужыць яе на сваю карысць. Да таго ж пасля гэткага ліставання што такога непрыстойнага, у рамках дазволенага, я мог здзейсніць, каб мадам Лаланд палічыла гэта недапушчальным? Атрымаўшы ліст, я ўзяў за звычку сачыць за яе домам і такім чынам даведаўся, што шарай гадзінай яна мае завядзёнку выпраўляцца на шпацыр па публічным парку, на які глядзелі яе вокны, у суправаджэнні адно мурына ў ліўрэі. Тут, у раскошным цені дрэваў, у паўзмроку ліпеньскага вечара, я прычакаў момант і наблізіўся да яе.

Каб служка нічога не сцяміў, я зрабіў гэта ўпэўнена, так, нібыта мы старыя знаёмыя. З прысутнасцю духу сапраўднай парыжанкі яна адразу ўключылася ў гульню і, вітаючы мяне, працягнула чароўную маленькую ручку. Слуга адразу запаволіў хаду; нашыя сэрцы, перапоўненыя каханнем, нарэшце змаглі пачаць бясконцае і шчырае сумоўе.

Паколькі мадам Лаланд гаварыла па-ангельску нават менш спрактыкавана, чым пісала, мы маглі разумецца адно па-французску. На гэтай салодкай мове, такой прыдатнай для мілосных справаў, я з уласцівым мне імпэтам і палкасцю адкрыўся ёй і з усім красамоўствам, на якое быў здольны, пераконваў яе пагадзіцца неадкладна стаць маёй жонкай.

На маю нецярплівасць яна адказала ўсмешкай. Яна завяла старую песню пра «што скажуць людзі» – забабон, які так часта стае на шляху да шчасця, даючы шчасцю сысці назаўжды. Па яе назіраннях, я ўскрай неабачліва даў сваім сябрам зразумець, што прагну нашага знаёмства, – то бок што мы яшчэ не знаёмыя, а значыць, не можам утаіць час, калі гэта адбылося. І потым яна зазначыла, пачырванеўшы, наколькі гэты час непрацяглы. Неадкладны шлюб быў бы памылкай, нагодай для плётак, гэта было б занадта. Усё гэта яна прамовіла з чароўнай наіўнасцю, якая прывяла мяне адначасова ў захапленне і адчай, але змусіла пагадзіцца. Яна нават жартам звінаваціла мяне ў паспешлівасці – у непрыстойнасці. Яна нагадала мне, што я нават не ведаў, хто яна, якія перспектывы, сувязі мае, якое становішча займае ў грамадстве. Яна, хоць і насуперак сваім пачуццям, маліла мяне добра абдумаць маю прапанову і назвала маё каханне апантанасцю – фантомам, хвілінным насланнём, хімернай ды эфемернай крэатурай хутчэй уяўлення, чым сэрца. Усе гэтыя рэчы яна прамовіла ў мяккіх прыцемках, што ўсё гусцелі вакол нас, а потым адным пяшчотным поціскам сваёй боскай ручкі ў адзін салодкі міг абрынула сцяну аргументаў, якую толькі што збудавала.