Сказаўшы гэта, яна абаперлася на маю руку, і я правёў яе ў дом. Сядзіба была вельмі гожай і, думаю, густоўна мэбляванаю. Наконт апошняга мне было цяжка меркаваць, бо мы прыйшлі, калі стала зусім цёмна, а ў найлепшых дамах Амерыкі ў гарачыя летнія вечары часта любяць трымаць шарую гадзінку. Праз пэўны час пасля майго прыходу, вядома ж, у галоўнай гасцёўні запалілі цыліндрычную лямпу, і я мог пабачыць, што гэты пакой быў абстаўлены з надзвычай добрым і нават выдатным густам, але два іншыя пакоі, у якіх збольшага перабывалі госці, заставаліся ўвесь вечар ахутаныя прыемным паўзмрокам. Гэта вельмі прадуманы звычай, які дае запрошаным права выбару паміж святлом і цемрай, і нашыя заморскія сябры зрабілі як найлепей, пераняўшы яго.
Такім чынам я прабавіў, без сумневаў, найпрыўкраснейшы вечар свайго жыцця. Мадам Лаланд не перабольшыла музычныя здольнасці сваіх сяброў; я пачуў спевы, выдатнейшых за якія не чуў нідзе, апроч хіба Вены. Выканаўцаў музыкі было шмат, і талент яны мелі неймаверны. Спявалі збольшага дамы, і кожная прынамсі добра. Нарэшце, калі пачулася патрабавальнае «Мадам Лаланд!», яна хутка паднялася, без какетлівых адмаўленняў, з шэзлонгу, на якім сядзела поруч са мной, і ў суправаджэнні аднаго ці двух джэнтльменаў і той самай сяброўкі з оперы рушыла да піяніна ў галоўнай гасцёўні. Я мусіў бы праводзіць яе, але адчуў, што, беручы да ўвагі тое, як я трапіў у дом, мне лепей заставацца ў цені, дзе я і заставаўся. Таму я быў пазбаўлены прыемнасці бачыць спявачку, але мог чуць яе.
Уражанне, якое яна зрабіла на слухачоў, было неверагодна моцным, на мяне ж яе спевы падзейнічалі з яшчэ большай сілай. Я не ведаю, як апісаць гэта належным чынам. Часткова эфект, вядома ж, быў выкліканы каханнем, якое перапаўняла мяне, але галоўным чынам тым, як чулліва спявала Эжэні. Гэта па-за магчымасцямі мастацтва – надаць арыі ці рэчытатыву большай жарснай выразнасці, чым гэта выйшла ў яе. Тое, як яна выканала раманс з «Атэла»*, інтанацыя, з якой яна праспявала
Наследуючы Малібран*, яна змяніла арыгінальнае лібрэта Беліні, узяўшы тэнаровае «соль», пасля чаго перакінула «соль» на дзве актавы ўверх.