Я чакаў адказу ў агоніі прадчуванняў. І праз пэўны час, які падаўся мне стагоддзем, адказ прыйшоў.
Так, ён сапраўды прыйшоў. Як ні рамантычна ўсё гэта гучыць, я сапраўды атрымаў ліст ад мадам Лаланд – прыгожай, багатай небажыхаркі мадам Лаланд. Яе вочы – яе боскія вочы – казалі праўду ад усяго яе высакароднага сэрца. Як сапраўдная францужанка, якой яна і была, яна падпарадкавалася шчырым памкненням розуму – высакародным імпульсам сваёй натуры, якія змаглі пурытанскія ўмоўнасці свету. Яна не адрынула маёй прапановы, яна не вярнула майго ліста неадкрытым. Яна нават накрэсліла мне адказ, трымаючы пяро сваімі харошанькімі пальчыкамі. Вось ён:
Мсьё Сімпсон даруе мяне я не пішу belle мова яго краіна вельмі bien. Я прыехаю не так рано і яшче не меў час bien мова вучыў. Мсьё Сімпсон прабачайся манёры, я кажу о! Ён bien адгадай усё вельмі праўда. Што тут кажу яшче? О? Я не буду кажу болей. Eugenie Lalande
Эжэні! Я цалаваў гэтую шляхотную нататку мільёны разоў і, думаю, здзейсніў з ёй безліч іншых дзівацкіх рытуалаў, якіх цяпер ужо не прыгадаю. А Толбат усё не вяртаўся. О, каб жа ён хоць крыху здагадваўся, як ён катуе сябра сваёй адсутнасцю, ці не кінуўся б ён, добрая душа, аблегчыць мае пакуты? І паколькі ён усё не ехаў, я напісаў яму. Ён адказаў. Яго затрымлівалі неадкладныя справы – але неўзабаве ён мусіў быць. Ён прасіў мяне быць цярплівым: стрымліваць памкненні, чытаць кнігі супакаяльнага зместу, не піць нічога мацнейшага за рэйнскае віно і шукаць паратунку ў філасофіі. Ідыёт! Калі ён не мог прыехаць сам, чаму, у імя найвышэйшага розуму, чаму ён не далучыў да свайго адказу рэкамендацыйны ліст? Я напісаў яму зноў, молячы аб такім лісце. Мой ліст вярнуў той самы лёкай з наступнай зробленай алоўкам прыпіскай. Падонак выпраўляўся ў правінцыю да свайго гаспадара:
З’ехаўшы з С. учора немавед куды, калі вернецца – не сказаўшы. Таму рашыў вярнуць ліст. Рука нібы вашая, а вы заўсёды нецярплівіце. Кланяюся, Стабс