Я адказаў як мог, уклаўшы ў адказ усю моц праўдзівага кахання. Я гаварыў доўга і напорыста пра сваю жарсць, сваю апантанасць, пра яе неверагодную красу, пра сваё бязмежнае захапленне. Пры канцы я з пераканаўчай энергіяй згадаў пра падводныя камяні, што атачаюць фарватар кахання – таго праўдзівага кахання, шлях да якога заўжды цярністы, і таму, падсумаваў я, дзеля ўзаемнай бяспекі не варта намотваць на гэтым шляху збыткоўныя мілі.
Апошні аргумент, здавалася, змякчыў суворасць яе намераў. Яна палагаднела. Але, па яе словах, заставалася яшчэ адна перашкода, якую я належным чынам не ўзяў да ўвагі. Гэта быў далікатны момант – пагатоў для жанчыны; згадваючы пра гэта, яна, як адчувала, мусіла ахвяраваць сваімі пачуццямі; але ж для мяне яна была гатовая на любую ахвяру. Яна намякала на пытанне ўзросту. Ці ведаю я – ці дакладна ведаю я розніцу ў нашым веку? Калі ўзрост мужа на некалькі гадоў – нават на пятнаццаць ці дваццаць – перавышае ўзрост жонкі, у свеце гэта лічаць дапушчальным і нават слушным, але яна заўсёды трымалася пераканання, што жонка не павінная пераўзыходзіць мужа гадамі. Такая ненатуральная розніца ў веку, на жаль, часта стаецца запарукай няшчасця ў асабістым жыцці. Цяпер яна ведае, што мне споўнілася дваццаць два, у той жа час я магу не мець уяўлення, наколькі век маёй Эжэні перавышае гэтую лічбу.
Усё гэта было прамоўлена з душэўным высакародствам, з годнай шчырасцю, якая ўсхвалявала, зачаравала мяне, узмацніўшы путы кахання. Я ледзьве стрымліваў памкненні, якія авалодалі мною.
– Душачка мая Эжэні! – ускрыкнуў я. – Ды пра што можа быць гаворка? Вы на некалькі гадоў старэйшая ад мяне. І што з таго? Звычаі свету – дурныя ўмоўнасці. Для тых, хто кахае, як кахаем мы, хіба год неяк розніцца з гадзінаю? Мне споўнілася дваццаць два, гаворыце вы; дапусцім, мне амаль дваццаць тры. Ну а вы, мая дарагая Эжэні, хіба вам можа быць болей за… за… за…
Тут я зрабіў невялічкую паўзу, спадзеючыся, што мадам Лаланд уставіць у маю фразу свой сапраўдны ўзрост. Але францужанка ніколі не скажа наўпрост і заўжды, калі ёй задаюць нясціплае пытанне, мае напагатове нейкую адмысловую прыдумку. У нашым выпадку Эжэні, якая перад тым, здавалася, шукала нешта ў ліфе, нарэшце ўраніла ў траву мініяцюру, якую я тут жа падняў і паказаў ёй.
– Вазьміце яе – сказала яна, пасміхаючыся сваёй наймілейшай усмешкай. Гэта падарунак вам ад той, каго яна так прывабна выяўляе. Да таго ж на адваротным баку вы, магчыма, знойдзеце адказ на пытанне, якое вас так хвалюе. Цяпер, як бачыце, даволі цёмна – але вы можаце спакойна разгледзець яго заўтра зранку. А пакуль што праводзьце мяне ў дом. Мае сябры ладзяць музычную імпрэзку. У дадатак, абяцаю, вы пачуеце выдатныя спевы. Мы, французы, не такія пурытане, як вы, амерыканцы, і я без цяжкасцяў увяду вас у салон пад відам старога знаёмца.