Дайшоўшы да слова «Зубдамус», я зразумеў, што прачнуўся акурат у такой ступені, у якой гэта неабходна. Я ў захапленні выскачыў з ложка, руйнуючы ўсё па дарозе, проста з неверагоднай хуткасцю апрануўся і поўным ходам кінуўся да доктара.
Усе ўжо сабраліся і нецярпліва чакалі майго з’яўлення; мумію размясцілі на абедзенным стале. Я ўвайшоў акурат у самым пачатку даследавання.
Гэта была адна з дзвюх муміяў, прывезеных некалькі гадоў таму кузэнам Зубдамуса капітанам Артурам Ківерам з Лівійскіх гор, з пахавання каля Іліфіі*, за шмат кіламетраў ад Фіваў на Ніле. Пячоры ў гэтай мясцовасці хай сабе і не так уражваюць, як фіванскія пахаванні, але ўяўляюць вялікую цікавасць, бо ў іх можна знайсці шмат выяваў, што расказваюць пра быт егіпцянаў. Камера, у якой знайшлі наш экспанат, лічылася вельмі багатай на такія выявы: яе сцены былі суцэльна пакрытыя фрэскамі і барэльефамі, а статуі, вазы і раскошныя мазаікі сведчылі пра заможнасць памерлых.
Гэты скарб перамясціўся ў музей у тым самым выглядзе, у якім знайшоў яго капітан Ківер – труна засталася непатрывожанай. Так яна прастаяла ў музеі восем гадоў, даючы публіцы магчымасць выключна вонкавага агляду. Такім чынам, перад намі ляжала нікім не кранутая мумія, і тыя, хто ўяўляе, як рэдка старажытнасці дасягаюць нашых берагоў неабрабаванымі, адразу зразумеюць, колькі мы мелі нагодаў дзякаваць нашаму шчасліваму лёсу.
Падышоўшы да стала, я ўбачыў на ім вялікую каробку, ці скрыню, каля сямі футаў даўжынёй, прыкладна тры футы шырынёй і два з паловай футы вышынёй. Яна была прадаўгаватай формы, але не ў форме труны. Спачатку нам падалося, што яна вырабленая з драўніны сікамора (сямейства платанавых), але, зрабіўшы надрэз, мы зразумелі, што яна з кардону ці, дакладней кажучы, з папірусавага пап’е-машэ. Яна была пышна ўпрыгожаная сцэнамі пахавання і іншымі жалобнымі выявамі, якія ў самых розных месцах перамяжаліся аднолькавымі іерогліфамі, што без сумневу абазначалі імя памерлага. На шчасце, сярод нас знаходзіўся містэр Глідан*, які з лёгкасцю расшыфраваў зроблены простым фанетычным пісьмом надпіс. Ён чытаўся як «Хібанахібіё».