– Усё, як бачыце, моцна змянілася, – рэхам паўтарылі ўсе госці разам.
– Ану прытрымайце языкі, вы ўсе! – раз’ятрана сказаў гаспадар, пасля чаго недзе на хвіліну запанавала мёртвая цішыня. Адна лэдзі выканала патрабаванне мсьё Маяра дакладна – высунула вонкі язык, які выявіўся незвычайна доўгім, і асцярожна трымала яго абедзвюма рукамі да канца прыёму.
– А тая шляхетная дама, – шэптам спытаў я ў гаспадара, нахіліўшыся да яго, – якая нядаўна тут кукарэкала, – яна ж бяскрыўдная, зусім бяскрыўдная, так?
– Бяскрыўдная? – усклікнуў ён з непадробным здзіўленнем. – У сэнсе?.. Ды што вы маеце на ўвазе?
– Толькі крыху… таго? – спытаў я, пакруціўшы пальцам ля скроні. – Здаецца ж, яна не зусім звар’яцела, не так, каб быць небяспечнай?
–
– Безумоўна, – сказаў я, – безумоўна. А астатнія лэдзі й джэнтльмены…
– Мае сябры і таварышы, – перарваў мсьё Маяр, фанабэрліва выпростваючыся, – мае адданыя сябры і памочнікі.
– Як? Усе? – здзівіўся я. – І дамы, і астатнія?
– Канечне, – адказаў ён. – Мы ж не можам працаваць зусім без жанчынаў. Яны лепш за ўсіх даглядаюць за вар’ятамі. У іх свае метады, як вы ведаеце; іхныя прамяністыя пагляды цудоўна дзейнічаюць, гэта як чары змяі ў пэўным сэнсе.
– Безумоўна, – сказаў я, – безумоўна. Яны крыху незвычайна паводзяцца, праўда? Ну… дзіўнавата крыху, як вы лічыце?
– Незвычайна? Дзіўнавата?! Вы што, сапраўды так думаеце? Безумоўна, мы тут, на поўдні, не асабліва абмяжоўваем сябе ўмоўнасцямі, паводзімся як нам падабаецца, радуемся жыццю і ўсё такое, разумееце?..
– Безумоўна, – сказаў я, – безумоўна.
– Магчыма, кло-дэ-вужо было занадта моцнае, яно магло крыху… затуманіць… разумееце, пра што я?
– Безумоўна, – сказаў я, – безумоўна. Дарэчы, мсьё, ці правільна я зразумеў, што сістэма, уведзеная вамі замест славутай сістэмы палёгкі, вылучаецца скрайняй строгасцю й суворасцю?
– Ні ў якім разе. Нашыя абмежаванні сапраўды даволі строгія, але ж гэта неабходна. Затое такога дагляду – медычнага дагляду, я маю на ўвазе, – пацыент больш нідзе не атрымае.
– А гэтая сістэма – вашае вынаходніцтва?
– Не ва ўсім. Некаторыя яе элементы распрацаваныя прафесарам Смолам, пра якога вы, без сумневаў, чулі. А пэўнымі зменамі, унесенымі мною, я – з радасцю пра гэта абвяшчаю – абавязаны знакамітаму Пер’е, з якім вы, калі не памыляюся, блізка знаёмы.
– Мне вельмі сорамна прызнацца, – адказаў я, – але я ніколі не чуў імёнаў гэтых джэнтльменаў.