Светлый фон

– Божа мой! – усклікнуў гаспадар, рэзка адсунуўшы крэсла і ўздымаючы рукі. – Я, пэўна, вас недачуў. Вы ж не хацелі сказаць, што ніколі не чулі ні пра найадукаванейшага доктара Смола, ні пра славутага прафесара Пер’е!

– Мушу прызнаць сваю недасведчанасць, – сказаў я, – але праўда вышэйшая за ўсё. Аднак я ўсё адно адчуваю сябе проста-такі зрынутым у прах, бо не знаёмы з працамі гэтых, без сумневаў, выдатных навукоўцаў. Я абавязкова адшукаю іхныя працы і вывучу іх з усёю пільнасцю. Мсьё Маяр, пасля вашых словаў мне сапраўды – мушу гэта прызнаць, – сапраўды вельмі сорамна за сябе.

Так і было.

– Не будзем больш пра гэта, мой дарагі малады сябра, – ласкава сказаў ён, паціскаючы мне руку. – Выпіце са мною келіх сатэрну.

Мы выпілі. Уся кампанія зрабіла тое ж, ні ў чым сябе не абмяжоўваючы. Яны весела размаўлялі, жартавалі, смяяліся, рабілі тысячу глупстваў, вішчалі скрыпкі, грукатаў барабан, трамбоны раўлі, як медныя быкі Фаларыда*, і сцэна, па меры таго як віно затуманьвала галовы, рабілася ўсё больш агіднай, ператварыўшыся нарэшце ў нейкую оргію in petto.[119] Тым часам мы з мсьё Маярам, пасля некалькіх бутэлек вужо і сатэрну, працягвалі нашую размову, крычучы на ўвесь голас. Слова, сказанае звычайным тонам, мела такія ж шанцы быць пачутым, як голас рыбіны з дна Ніягарскага вадаспаду.

in petto

– Сэр, – крыкнуў я яму ў вуха, – вы перад абедам нешта казалі пра небяспеку, якою пагражала старая сістэма палёгкі. Што вы мелі на ўвазе?

– О так, – адказаў ён, – часам становішча сапраўды рабілася вельмі небяспечным. Усе фантазіі вар’ятаў прадбачыць немагчыма, і, на маю думку, гэтак жа як і на думку доктара Смола і прафесара Пер’е, іх ніколі нельга пакідаць зусім без нагляду. Вар’яту часамі можна, так бы мовіць, патураць, але ўсё ж ён вельмі схільны да буйства. Да таго ж іхная незвычайная хітрасць зрабілася прыказкай. Калі ён штосьці задумаў, ён хавае гэта незвычайна вынаходліва, а спрыт, з якім ён удае душэўнае здароўе, ставіць перад філосафамі адну з найскладанейшых праблемаў у вывучэнні чалавечага розуму. Дарэчы, калі вар’ят выглядае цалкам здаровым, самы час надзець на яго ўтаймавальную кашулю.

– Але тая небяспека, дарагі сэр, пра якую вы згадвалі… ці спазналі вы яе на сабе тут, кіруючы гэтай установай? Ці маеце вы фактычныя падставы лічыць свабоду вар’ятаў небяспечнаю?

– Тут? На сабе? Ну, можна сказаць, так. Напрыклад, не так даўно ў гэтым самым доме адбылося выключнае здарэнне. Дзейнічала, як вы ведаеце, сістэма палёгкі, і пацыенты карысталіся поўнаю свабодай. Яны паводзілі сябе проста цудоўна, і нават больш за тое. Любы чалавек у сваім розуме зразумеў бы, што спее д’ябальская змова, ужо з аднаго таго, як надзвычайна добра паводзіліся гэтыя суб’екты. І, безумоўна, у адзін цудоўны дзень наглядчыкі ўбачылі, што вар’яты прысвоілі іхныя абавязкі, звязалі іх па руках і нагах, кінулі ў ізалятары і цяпер наглядаюць за імі, быццам вар’яты – яны.