Светлый фон

Адчыніць скрыню, не пашкодзіўшы яе, выявілася справай нялёгкай, аднак даўшы ўрэшце гэтаму рады, мы знайшлі ўнутры другую скрыню, больш падобную да труны і нашмат меншую за папярэднюю памерам, але ва ўсім астатнім – яе дакладную копію. Прамежак паміж імі быў запоўнены смалой, і гэта ў некаторай ступені пашкодзіла фарбы ўнутранай скрыні.

Адчыніўшы і яе (а гэта атрымалася ў нас досыць лёгка), мы дайшлі да трэцяй скрыні, якая таксама мела форму труны і адрознівалася ад папярэдняй толькі матэрыялам: яна была зробленая з кедру і дагэтуль струменіла своеасаблівы і надзвычай духмяны пах гэтага дрэва. Паміж гэтымі дзвюма скрынямі вольнага месца не заставалася – яны былі дакладна падагнаныя адна да адной.

Адчыніўшы трэцюю скрыню, мы знайшлі там саму мумію і выцягнулі яе вонкі. Мы чакалі, што яна, як звычайна, будзе цесна спавітая палатнянымі палосамі ці стужкамі, аднак замест гэтага ўбачылі штосьці накшталт пакрытага слоем замазкі футарала з папірусу, багата пазалочанага і размаляванага. Малюнкі гэтыя выяўлялі самыя розныя нібыта падарожжы душы і яе сустрэчы з шэрагам бостваў, а таксама безліч аднолькавых чалавечых фігурак – верагодна, адлюстраванняў забальзамаваных асобаў. Ад галавы да ног муміі папярочным слупком ішоў надпіс, зроблены фанетычнымі іерогліфамі, які зноў называў імя памерлага і яго тытулы, а таксама імёны і тытулы яго родных.

Такім самым футаралам шыю муміі ахоплівалі каралі з цыліндрычных рознакаляровых пацерак, сплеценых у форме багоў, скарабеяў і іншага, а таксама шару з крыламі. Такія ж каралі, ці пояс, ахоплівалі і талію.

Зняўшы папірус, мы ўбачылі, што цела ў выдатным стане і зусім не пахне. Скура была чырванаватага колеру, цвёрдая, гладкая і бліскучая. Зубы і валасы таксама добра захаваліся. Вочы, відаць, дасталі і замянілі на шкляныя шарыкі, надзвычай прыгожыя і неверагодна праўдападобныя, хіба што пазіралі яны занадта рашуча. Пазногці і пальцы блішчэлі пазалотай.

Містэр Глідан выказаў думку, што, мяркуючы па чырвоным колеры эпідэрмісу, цела бальзамавалася выключна асфальтавай смалой, аднак калі са скуры саскрэблі крыху парашкападобнага рэчыва і кінулі яго ў агонь, усе выразна адчулі водар камфоры і духмяных смолаў.

Мы вельмі старанна агледзелі цела, шукаючы адтуліны, праз якія звычайна дастаюцца вантробы, але, на сваё здзіўленне, нічога такога не знайшлі. У той час ніхто з нас не ведаў, што цэлыя і няўскрытыя муміі сустракаюцца не так ужо і рэдка. Мозг часцей за ўсё вымаўся праз нос, кішкі – праз надрэзы ў баку, пасля чаго цела галілі, абмывалі і апускалі ў саляны раствор, і толькі праз некалькі тыдняў пачыналася ўласна бальзамаванне.