– Не можа быць! Я ў жыцці не чуў нічога больш неверагоднага!
– Бясспрэчна. Усё адбылося праз аднаго дурня – ну, вар’ята, – які чамусьці ўбіў сабе ў галаву, што ён вынайшаў найлепшую сістэму кіравання, якая калі-небудзь увогуле існавала, – я маю на ўвазе сістэму кіравання вар’ятняй. Мяркую, ён вырашыў выпрабаваць сваё вынаходніцтва і падбухторыў астатніх пацыентаў да змовы з мэтаю зрынуць існае кіраўніцтва.
– І ён дабіўся свайго?
– Несумненна. Наглядчыкі й нагляданыя ў хуткім часе памяняліся месцамі. Нават больш за тое, бо вар’яты паранейшаму карысталіся свабодаю, а наглядчыкаў пасадзілі ў ізалятары і, з жалем мушу зазначыць, абыходзіліся з імі вельмі бесцырымонна.
– Аднак, мяркую, неўзабаве адбылася рэстаўрацыя ўлады? Не магло ж такое становішча трываць доўга. Сяляне, што жывуць побач, наведнікі, што прыходзяць агледзець дом, паднялі б трывогу.
– Вось тут вы памыляецеся. Галоўны бунтаўнік быў занадта хітры, каб такое дапусціць. Ён увогуле не пускаў наведнікаў, за нядаўнім выняткам аднаго вельмі недалёкага з выгляду маладога чалавека, баяцца якога ён не бачыў прычынаў. Ён прыняў яго і паказаў дом – для забавы, каб з яго пасмяяцца. Дастаткова павадзіўшы яго за нос, ён адпусціў яго і адправіў дахаты.
– І як доўга тут верхаводзіў вар’ят?
– О, даволі доўга… не менш за месяц, а дакладней не скажу. Для вар’ятаў гэта быў вясёлы час, можаце быць упэўнены. Яны скінулі свае лахманы і напоўніцу скарысталіся вопраткай і ўпрыгожаннямі, якія тут былі. Вінныя склепы замка былі поўныя запасаў, а вар’яты ж наконт выпіць сапраўдныя чэрці. Цудоўныя для іх былі дзянькі, можаце мне паверыць.
– Ну а лекаванне? Якія асаблівыя метады лекавання ўвёў галава бунтаўнікоў?
– О, што да гэтага, то, як я ўжо казаў, вар’ят – не абавязкова дурань, і, на маю сціплую думку, ягонае лекаванне нашмат пераўзыходзіла ранейшае, якое ён скасаваў. Гэта была сапраўды выдатная сістэма – ясная, простая, яна не прыносіла ніякіх складанасцяў, нават самых дробных…
Тут майго гаспадара перарваў выбух скавытанняў, такіх жа, як тыя, што нядаўна парушылі наш спакой. Але гэтым разам яны, здаецца, хутка набліжаліся.
– Божа літасцівы! – ускрыкнуў я. – Вар’яты вырваліся на волю!
– Баюся, што так, – адгукнуўся мсьё Маяр, страшэнна збялеўшы.
І ледзь ён дагаварыў, ад вокнаў пачуліся гучныя крыкі й праклёны, і мы ўбачылі, што некалькі чалавек спрабуюць прарвацца ў пакой. У дзверы чымсьці білі, відаць, кувалдаю, а аканіцы хтосьці трос і зрываў з неўтаймоўнай ярасцю.
А потым запанаваў поўны хаос. Мсьё Маяр, страшэнна мяне здзівіўшы, кінуўся хавацца за буфет. Я чакаў ад яго большай рашучасці. Музыкі, якія апошнюю чвэрць гадзіны здаваліся занадта п’янымі, каб рабіць сваю справу, у адзін момант ускочылі, пахапалі свае інструменты, і, узлезшы на стол, зладжана зайгралі «Янкі Дудл»*, выканаўшы яго, пры ўсім гэтым гаме, можа, і не зусім дакладна, але з нечалавечым натхненнем.