Светлый фон

Што да апошняй прапановы прамоўцы, то тут у Хібанахібіё былі пэўныя сумневы, прыроды якіх я так канчаткова і не зразумеў. Але прабачэнні яго задаволілі: падняўшыся са стала, ён паціснуў рукі ўсёй кампаніі.

Скончыўшы гэтую цырымонію, мы адразу ж заняліся выпраўленнем пашкоджанняў, нанесеных нашаму госцю скальпелем. Мы зашылі рану на скроні, забінтавалі нагу і наляпілі цэлы дзюйм чорнага пластыру на нос.

І тут мы заўважылі, што граф (здаецца, менавіта такі тытул меў Хібанахібіё) злёгку дрыжыць – без сумневу, ад холаду. Доктар адразу ж скіраваўся да свайго гардэробу і хутка вярнуўся з чорным фракам наймаднейшага крою, парай клятчастых нябесна-блакітных панталонаў са штрыпкамі, ружовай кашулькай у палоску, шырокай гафтаванай камізэлькай, белым плашчом, тросцю з гнутай ручкай для шпацыраў, капелюшом без палёў, ботамі з лакаванай скуры, саламянага колеру лайкавымі пальчаткамі, маноклем, накладнымі бакенбардамі і гальштукам, завязаным двайным «гордыевым» вузлом. Праз неадпаведнасць памераў графа і доктара (у прапорцыі два да аднаго) падчас адзявання егіпцяніна мы сутыкнуліся з некаторымі праблемамі, але калі ўсе яны былі вырашаныя, сябра нашага можна было лічыць адзетым. Містэр Глідан падаў яму руку і правёў да зручнага фатэля каля каміна, а доктар тым часам пазваніў, каб прынеслі цыгары і віно.

Размова хутка ажывілася. Найбольшую цікавасць, натуральна, выклікала тое, што Хібанахібіё нейкім дзівосным чынам да гэтага часу застаўся жывы.

– Мне падаецца, – заўважыў містэр Бэкінгем, – што вы даўно ўжо мусілі памерці.

– З чаго б гэта? – вельмі здзіўлена пацікавіўся граф. – Мне ж не нашмат больш за семсот гадоў! Мой бацька пражыў тысячу і тым не менш памёр пры ясным розуме.

Тут пасыпаліся пытанні і падлікі, у выніку чаго зрабілася відавочным, што егіпцянін значна недаацаніў свой узрост: ён праляжаў ў іліфійскіх катакомбах пяць тысяч пяцьдзясят гадоў і яшчэ некалькі месяцаў.

– Але мая заўвага, – зазначыў містэр Бэкінгем, – ніякім чынам не датычыць вашага ўзросту на момант пахавання. Магу дапусціць, што вы, па сутнасці, яшчэ досыць малады; мая думка абумоўленая працягласцю таго часавага прамежку, цягам якога вы, паводле вашых жа сведчанняў, праляжалі ў асфальтавых смолах.

– У чым, у чым? – удакладніў граф.

– У асфальтавых смолах, – паўтарыў містэр Бэкінгем.

– А-а, гэта… Я, здаецца, разумею, пра што вы. Пэўна, іх таксама можна выкарыстоўваць. Але ў мае часы мы наўрад ці ўжывалі штосьці апроч хлорнай ртуці.

– Вось чаго мы зусім ніяк не можам зразумець, – сказаў доктар Зубдамус, – дык гэта таго, як вы, памерлы і пахаваны ў Егіпце пяць тысяч гадоў таму, сёння выявіліся вельмі нават жывым – і выглядаеце проста цудоўна.