– Калі б я быў, як вы кажаце, памерлым, – адказаў граф, – больш чым верагодна, што цяпер я б такім і заставаўся. Я бачу, вы ў гальванізме пакуль яшчэ зусім дзеці і не можаце з яго дапамогай дасягнуць таго, што лічылася ў старыя часы рэччу самай звычайнай. Уся справа ў тым, што ў мяне здарыўся каталептычны прыпадак, і добрыя мае сябры вырашылі, што я альбо памёр, альбо блізкі да гэтага, таму яны мяне тут жа забальзамавалі – спадзяюся, вы добра ўяўляеце сабе асноўныя прынцыпы бальзамавання?
– Не тое каб зусім…
– Ох, ну якое безнадзейнае невуцтва! Але не магу ж я цяпер занурацца ў дэталі. Хаця трэба патлумачыць, што ў Егіпце набальзамаваць па сутнасці значыла спыніць на няпэўны час усе жыццёвыя функцыі, залежныя ад працэсаў у арганізме. Я ўжыў тут слова «жыццёвыя» ў самым шырокім сэнсе, які ўлучае не толькі фізічнае, але і духоўнае, і вітальнае быццё. Паўтаруся, што ў нас асноўны прынцып бальзамавання – гэта імгненнае спыненне і захаванне навечна ўсіх жыццёвых функцыяў, залежных ад працэсаў у арганізме. Карацей кажучы, у якім стане знаходзіўся чалавек падчас бальзамавання, у такім ён і застаецца. Я меў шчасце нарадзіцца з крывёй Скарабея і таму быў забальзамаваны жывым, такім, якім вы цяпер мяне бачыце.
– З крывёй Скарабея? – усклікнуў доктар Зубдамус.
– Так. Скарабей быў эмблемай, ці сімвалам, аднаго выбітнага і вельмі арыстакратычнага роду. Нарадзіцца з крывёй Скарабея – значыць проста належаць да адной з тых сем’яў, якія мелі сваёй эмблемай Скарабея. Гэта я так метафарычна выказаўся.
– Але як гэта звязана з тым, што вы засталіся жывым?
– Ну, у Егіпце прынята перад бальзамаваннем даставаць у мерцвяка вантробы і мозг, і толькі род Скарабея не трымаецца гэтае традыцыі. А таму, калі б я не быў Скарабеем, то пазбавіўся б вантробаў і мозгу, без якіх, між іншым, жыць досыць нязручна.
– Ага, зразумела, – сказаў містэр Бэкінгем. – Значыць, усе няўскрытыя муміі, што трапляліся нам, належалі да роду Скарабея?
– Без сумневу.
– А я думаў, – сціпла заўважыў містэр Глідан, – што Скарабей быў адным з егіпецкіх багоў.
– Адным з егіпецкіх чаго? – усклікнула мумія, ускочыўшы.
– Багоў! – паўтарыў падарожнік.
– Містэр Глідан, мне напраўду дзіўна чуць ад вас такія словы, – сказаў граф, зноў сядаючы ў фатэль. – Ніводны народ на зямлі ніколі не прызнаваў існаванне больш чым аднаго бога. Скарабей, Ібіс і іншыя былі для нас (а для кагосьці іншага – іншыя стварэнні) усяго толькі сімваламі, ці пасярэднікамі, праз якіх мы ўслаўлялі Творцу, занадта велічнага, каб звяртацца да яго наўпрост.
Тут павісла паўза. Праз некаторы час доктар Зубдамус працягнуў размову: