Светлый фон

– Згодна з вашымі тлумачэннямі, зусім не выключана, – сказаў ён, – што ў катакомбах ля Ніла могуць ляжаць і іншыя жывыя муміі сямейства Скарабея?

– Без усялякіх сумневаў, – адказаў граф. – Усе Скарабеі, выпадкова забальзамаваныя жывымі, застаюцца жывымі дагэтуль. І нават забальзамаваныя жывымі спецыяльна маглі быць забытыя сваімі павернікамі і дагэтуль ляжаць у трунах.

– А ці не маглі б вы патлумачыць, – папрасіў я, – што вы маеце на ўвазе пад словамі «забальзамаваныя жывымі спецыяльна»?

– З вялікай прыемнасцю, – адказаў егіпцянін, няспешна агледзеўшы мяне праз манокль, бо гэта быў першы раз, калі я насмеліўся звярнуцца да яго з пытаннем.

– З вялікай прыемнасцю, – паўтарыў ён. – У мае часы сярэдняя працягласць чалавечага жыцця складала прыкладна восемсот гадоў. Людзі рэдка паміралі, не дажыўшы да шасцісот, – хіба толькі ад няшчаснага выпадку, – і рэдка жылі даўжэй за дзесяць стагоддзяў. Восемсот гадоў лічыліся сярэднім тэрмінам. Пасля таго як быў вынайдзены той прынцып бальзамавання, пра які я ўжо расказаў, нашым філосафам прыйшло ў галаву задаволіць вартую павагі цікаўнасць, а да таго ж пасудзейнічаць развіццю навукі, пражываючы гэты тэрмін па частках. Для гісторыі, напрыклад, такі досвед проста неабходны. Уявім сабе гісторыка, які дасягнуў пяцісотгадовага ўзросту, напісаў кнігу, уклаўшы ў яе шмат намаганняў, і пасля быў старанна забальзамаваны, пакінуўшы сваім павернікам указанні праз некаторы час ажывіць яго – ну, скажам, гадоў праз пяцьсот ці шэсцьсот. Вярнуўшыся да жыцця па сканчэнні гэтага тэрміну, ён абавязкова ўбачыць, што яго вялікую працу ператварылі ў набор маргіналіяў, так бы мовіць, у літаратурную арэну для супярэчлівых гіпотэзаў, загадак і прыватных спрэчак усёй хеўры раздражнёных каментатараў. Ён убачыць, што гэтыя гіпотэзы, распаўсюджаныя ў выглядзе анатацыяў ці выпраўленняў, да такой ступені зацямнілі, сказілі і знішчылі першапачатковы тэкст, што аўтару даводзіцца шукаць яго днём з агнём. Робіцца зразумелым, што не варта было даваць сабе клопату з гэтым даследаваннем. Пасля таго як кніга цалкам перапісаная, гісторыку ставіцца ў абавязак неадкладна выправіць з пазіцый уласнага досведу і ведаў паданні сённяшняга дня пра эпоху, у якую ён жыў. Дзякуючы такому перапісванню і самавыпраўленню, за якое час ад часу бяруцца асобныя мудрацы, нашая гісторыя яшчэ не ператварылася ў чыстую казку.

– Прашу мне прабачыць, – сказаў тут доктар Зубдамус, мякка паклаўшы сваю руку на руку егіпцяніна, – прашу мне прабачыць, але ці магу я на хвілінку вас перапыніць?

– Канечне, сэр, – адказаў граф і замаўчаў.