Светлый фон

Выслухаўшы нас да канца, граф пераказаў некалькі анекдотаў, з якіх мы зразумелі: слава прататыпаў Галя* і Шпурцгайма* была ў зеніце і пасля закацілася ў Егіпце так даўно, што пра іх паспелі ўжо забыць, а цуды Месмера* былі напраўду вартымі жалю фокусамі ў параўнанні з дзівосамі фіванскіх мудрацоў, якія стварылі вошаў і мноства такога іншага.

Тут я спытаў у графа, ці ўмелі яго землякі вылічваць час зацьменняў. Ён досыць пагардліва ўсміхнуўся і адказаў, што ўмелі.

Гэта крыху мяне збянтэжыла, але я працягваў распытваць яго пра астранамічную навуку егіпцянаў, пакуль адзін з нашае кампаніі, які дагэтуль ні разу не адкрыў рота, не шапнуў мне на вуха, што па гэтым пытанні мяне нашмат лепей пракансультуе Пталямей (і хто гэта такі?), а яшчэ нейкі Плутарх у працы «De facie lunae».[121]

«De facie lunae»

Тады я спытаў мумію пра запальвальныя шкельцы, лінзы і ўвогуле пра вытворчасць шкла, але не паспеў нават скончыць пытанне, як маўклівы ўдзельнік зноў ціха крануў мяне за локаць і дзеля ўсяго святога папрасіў лепш зірнуць у працы Дыядора Сіцылійскага*. Граф жа замест адказу пацікавіўся, ці маем мы мікраскопы, якія дазволілі б нам выразаць камеі, што рабілі егіпцяне. Пакуль я думаў, што адказаць на гэтае пытанне, маленькі доктар Зубдамус даў вельмі незвычайнага маху:

– А паглядзіце на нашую архітэктуру! – усклікнуў ён да вялікага абурэння абодвух падарожнікаў, якія пачалі шчыкаць яго амаль да сінякоў, але без ніякае карысці. – Паглядзіце на фантан, што на Боўлінг-Грын* у Нью-Ёрку! – захоплена працягваў ён. – Ці, калі ён занадта велічны для сузірання, успомніце на імгненне Капітолій у Вашынгтоне*!

І добры маленькі доктар пачаў вельмі падрабязна апісваць усе элементы будынка, які толькі што згадаў. Ён патлумачыў, што адзін партал упрыгожаны не менш як дваццаццю чатырма калонамі пяці футаў у дыяметры на адлегласці дзесяці футаў адна ад адной.

Граф адказаў, што ён, на жаль, не можа цяпер прыгадаць дакладныя памеры любога значнага будынка ў горадзе пад назвай Азнак*, закладзеным калісьці ў цемры часу і руіны якога пры жыцці графа ўсё яшчэ можна было пабачыць у шырокай пустэльні на ўсходзе ад Фіваў. Аднак калі гаварыць пра парталы, то яму прыгадваецца, што адзін такі, прыбудаваны да пасрэднага палаца ў Карнаку* (гэта штосьці накшталт прыгарада), складаўся са ста сарака чатырох калонаў трыццаці сямі футаў па акружнасці на адлегласці дваццаці пяці футаў адна ад адной. З боку Ніла да палаца можна было пад’ехаць па алеі даўжынёй дзве мілі, утворанай сфінксамі, статуямі і абеліскамі вышынёй дваццаць, шэсцьдзесят і сто футаў. Сам палац, наколькі ён памятае, быў дзве мілі ў даўжыню і штосьці каля сямі па акружнасці. Муры яго былі ўсярэдзіне і звонку багата распісаныя іерогліфамі. Ён не можа дакладна сказаць, ці змясцілі б сцены гэтага палаца пяцьдзясят ці шэсцьдзесят Капітоліяў доктара, але ён упэўнены, што з некаторымі цяжкасцямі туды можна было б увапхнуць іх штук дзвесце-трыста. І ўсё ж палац у Карнаку быў досыць нязначным будынкам. Тым не менш ён, граф, з усёй шчырасцю не можа адмовіць фантану на Боўлінг-Грын у арыгінальнасці, раскошнасці і выбітнасці, як казаў пра яго доктар. Нічога такога, ён вымушаны адзначыць, ніколі не бачылі ні ў Егіпце, ні дзе-небудзь яшчэ.