Светлый фон

Я спытаў у графа, што ён можа сказаць пра нашыя чыгункі.

– Нічога асаблівага, – адказаў ён. Яны досыць ненадзейныя, нядбайна зробленыя і нязграбна пакладзеныя. Іх нельга нават параўноўваць, скажам, з шырокімі, роўнымі, наўпростымі дарогамі з жалезнымі латакамі, па якіх егіпцяне транспартавалі вялікія храмы і цэльныя абеліскі вышынёй сто пяцьдзясят футаў.

Я згадаў пра нашыя вялізныя механічныя сілы.

Ён пагадзіўся, што нешта пра гэта чуў, але пацікавіўся, якім чынам я справіўся б з задачай падняць пяты арак хаця б аднаго з невялікіх палацаў Карнака.

Я вырашыў не пачуць гэтае пытанне і пацікавіўся, ці ўяўляе ён, што такое артэзіянскі калодзеж, але ён проста падняў бровы, тым часам як містэр Глідан пачаў мне люта падміргваць і зашаптаў, што, маўляў, адзін такі быў зусім нядаўна знойдзены інжынерамі, якія рабілі свідравіну, шукаючы ваду ў Вялікім Аазісе*.

Я ўспомніў пра нашую сталь, але чужаземец толькі задраў нос і пацікавіўся, ці можна з дапамогай нашай сталі выконваць каменярэзныя працы – такія, як на абелісках, што, дарэчы, былі зробленыя выключна меднымі разакамі.

Гэта настолькі нас збянтэжыла, што мы вырашылі разнастаіць свае нападкі і звярнуцца да метафізікі. Быў прынесены асобнік «Даела»*, адкуль мы зачыталі частку-другую пра нешта досыць няўцямнае, але акрэсленае бостанцамі як «вялікі рух прагрэсу».

Але граф толькі і сказаў, што «вялікія рухі» ў яго час здараліся ледзь не кожны дзень. Што ж да прагрэсу, то некаторы час ён прыносіў-такі пэўныя нязручнасці, але надта далёка не пайшоў.

Тады мы загаварылі пра каштоўнасці і значнасць дэмакратыі і паспрабавалі, хоць і з сур’ёзнымі цяжкасцямі, уразіць графа тымі разумнымі перавагамі, якімі мы карысталіся, галасуючы як душа пажадае і не маючы над сабой караля.

Граф слухаў нас з відавочнай цікавасцю: выглядала, што нашыя словы яго добра павесялілі. Калі мы скончылі, ён зазначыў, што калісьці даўно ў іх адбывалася нешта падобнае да гэтага. Трынаццаць егіпецкіх правінцыяў вырашылі раптам зрабіцца свабоднымі і паказаць прыўкрасны прыклад усяму чалавецтву. Яны склікалі сваіх мудрых мужоў і зляпілі самую выштукаваную канстытуцыю, якая толькі магчымая. Некаторы час яны някепска спраўляліся, вось толькі саманадзейнасць іх была надзвычайнай. Калі гэтыя трынаццаць штатаў аб’ядналіся з астатнімі пятнаццаццю ці дваццаццю, усё скончылася, выліўшыся ў такую гнюсную і невыносную дэспатыю, якая толькі магла існаваць на Зямлі.

Я спытаў, як звалі іх узурпатара. Наколькі памятаў граф, яго звалі Натоўп.

Не ведаючы, што казаць далей, я ўзвысіў голас і пашкадаваў, што егіпцяне не ведалі пары.