Светлый фон
histrio

З другога боку, я ведаю, што аўтар, увогуле здольны аднавіць шлях, які прывёў яго да таго ці іншага выніку, – з’ява зусім не частая. Звычайна ідэі ўзнікаюць досыць хаатычна, і іх такім жа чынам разглядаюць і пасля забываюць.

Што да мяне, то мне ніколі не падабалася такая сарамлівасць, і я ў любы час лёгка магу прыгадаць, як той ці іншы мой твор быў напісаны; а з прычыны, што цікавасць да аналізу ці рэканструкцыі для мяне важнейшая за рэальную ці ўяўную цікавасць да прадмета аналізу, з майго боку не будзе ніякім парушэннем правілаў прыстойнасці, калі я прадэманструю modus operandi,[125] якім быў пабудаваны адзін з маіх твораў. Я выбіраю «Крумкача», бо гэты верш найбольш вядомы. Мая мэта – давесці, што ў стварэнні гэтага твора не ўдзельнічалі ні выпадковасць, ні інтуіцыя, што праца крок за крокам рухалася да завяршэння з усёй дакладнасцю і жорсткай паслядоўнасцю – як рашэнне матэматычнай задачы.

modus operandi

Адкінем як безадносную да верша per se[126] тую ўмову, ці, скажам, неабходнасць, якая з самага пачатку спарадзіла намер напісаць які-небудзь верш, што задаволіў бы густы як шырокай публікі, так і крытыкаў.

per se

Пачнем, такім чынам, з гэтага намеру.

Першая думка датычыць аб’ёму. Калі які-небудзь літаратурны твор занадта доўгі, каб прачытаць яго за адзін раз, мы павінныя быць гатовымі да таго, што надзвычай важнае ўражанне, звязанае з цэласнасцю ўспрыняцця, знікне, бо калі за твор сядаеш два разы, то ўмешваюцца штодзённыя справы, і ўсялякае адзінства раз і назаўсёды знішчаецца. Але з прычыны, што, ceteris paribus,[127] ніводны паэт не можа ахвяраваць ніводнай дэталлю, якая дапамагла б яму раскрыць сваю задуму, застаецца толькі паглядзець, ці з’яўляецца ў такім выпадку якая-небудзь перавага, што магла б ураўнаважыць страту цэласнасці. І тут я адразу магу сказаць: не. Тое, што мы называем паэмай, насамрэч ёсць усяго толькі шэрагам кароткіх вершаў, іншымі словамі, кароткіх паэтычных уражанняў. Няма патрэбы даводзіць, што верш ёсць вершам толькі таму, што ён надзвычай хвалюе нас, узвышаючы душу, а ўсе моцныя ўзрушэнні бываюць, з псіхалагічных прычынаў, толькі кароткачасовымі. Таму як найменш палова мілтанаўскага «Страчанага Раю» празаічная па сутнасці – паэтычныя ўзрушэнні непазбежна разбаўляюцца спадамі напружання – і ў выніку праз значную даўжыню твора знікае вельмі важны мастацкі элемент: адзінства, альбо цэласнасць, уражання.

ceteris paribus

Такім чынам робіцца відавочным існаванне дакладных межаў, якія павінныя акрэсліваць аб’ём любога літаратурнага твора, – магчымасць прачытаць яго за адзін раз, – і што хаця ў некаторых празаічных творах, такіх як «Рабінзон Круза» (дзе цэласнасці не патрабуецца), гэтыя межы можна парушыць, атрымаўшы пэўныя выгады, парушаць іх у вершах нельга ніколі. У гэтых межах даўжыню верша можна матэматычна суаднесці з яго вартасцямі, іначай – з хваляваннем ці ўзвышэннем, яшчэ іначай – са ступенню сапраўднага паэтычнага ўражання, якое ён можа выклікаць. Відавочна, што сцісласць павінная вызначацца інтэнсіўнасцю запланаванага ўражання з умовай, што пэўная мінімальная працягласць цалкам неабходная, каб стварыць любое ўражанне ўвогуле.