Маючы на ўвазе ўсе гэтыя развагі, а таксама такое захапленне, якое я палічыў не вышэйшым за магчымасці шырокай публікі і не ніжэйшым за густы крытыкі, я адразу вырашыў, які аб’ём падыдзе для задуманага мной верша, – прыкладна сто радкоў. У выніку атрымалася сто восем.
Далей я пачаў думаць, якое пачуццё, альбо ўражанне, павінен выклікаць мой твор; магу таксама адзначыць, што падчас напісання я ўвесь час імкнуўся стварыць верш, які спадабаецца ўсім. Я занадта далёка адышоў бы ад маёй непасрэднай тэмы, калі б пачаў даводзіць тое, на чым настойваю ўвесь час, і што ў выпадку паэзіі зусім не трэба даказваць, – тое, што Прыгожае ёсць адзінай законнай сферай паэзіі. Аднак сказаць колькі словаў, каб патлумачыць, што я маю на ўвазе, усё ж неабходна, бо некаторыя мае сябры схіляюцца да памылковага разумення маёй думкі. Самая глыбокая, самая ўзвышаная і адначасова самая чыстая асалода, на маю думку, дасягаецца шляхам сузірання прыгожага. Калі гавораць пра Прыгажосць, безумоўна, маюць на ўвазе не якасць, як гэта звычайна лічыцца, а ўражанне, карацей кажучы, гавораць пра тое глыбокае і чыстае ўзрушэнне душы – а не розуму ці сэрца, – пра якое я ўжо згадваў і якое адчуваюць падчас сузірання «прыгожага». Я ж вызначаю Прыгожае як сферу паэзіі толькі згодна з відавочным законам Мастацтва, паводле якога ўражанне мусіць вынікаць з непасрэдных прычынаў, а мэты павінныя дасягацца сродкамі, найбольш прыдатнымі для іх дасягнення; яшчэ ніхто не дайшоў да такой неразважлівасці, каб адмаўляць тое, што апісанае вышэй узрушэнне лягчэй за ўсё дасягаецца сродкамі паэзіі. Калі мэта – Праўда, ці задавальненне розуму, альбо калі мэта – Жарсць, ці захапленне сэрца, то мэты гэтыя, хаця і дасягальныя ў паэзіі, лягчэй за ўсё дасягаюцца ўсё ж з дапамогай прозы. Бо Праўда патрабуе дакладнасці, а Жарсць – пэўнай прастаты (сапраўды жарсныя натуры мяне зразумеюць), а ўсё гэта абсалютна не сумяшчальна з прыгажосцю, якая (я на гэтым настойваю) ёсць узрушэннем, альбо ўзвышанай асалодай душы. З усяго сказанага вышэй ніякім чынам не вынікае таго, што жарсць ці праўда не могуць быць выяўленыя, і выяўленыя з карысцю, у паэзіі, – бо яны могуць дапамагчы раскрыць агульнае ўражанне, як дысанансы ў музыцы, шляхам кантрасту, – але сапраўдны мастак заўсёды зможа, па-першае, падпарадкаваць іх сваёй найвышэйшай мэце, а па-другое – ахінуць іх, як толькі магчыма, той прыгажосцю, якая ёсць атмасферай і самой сутнасцю паэзіі.
Выбраўшы, такім чынам, сваёй сферай Прыгожае, я задаў сабе наступнае пытанне: якая інтанацыя змагла б яго падкрэсліць найлепш, – і ўвесь мой досвед падказаў мне, што гэтая інтанацыя мусіць быць сумнай. Прыгажосць любога кшталту ў сваім найвышэйшым развіцці нязменна кранае чуллівую душу да слёз. Адпаведна, меланхолія – самая законная з усіх паэтычных інтанацый.