Светлый фон

Далей неабходна разгледзець умовы сустрэчы закаханага і крумкача, і перш за ўсё – месца дзеяння. У гэтай якасці найбольш натуральна выглядаў бы лес ці поле, аднак мне заўсёды здавалася: каб стварыць уражанне адасобленага эпізоду, абсалютна неабходная замкнёная прастора – як рама для карціны. Такія межы маюць бясспрэчную ўнутраную сілу прыцягваць увагу і падтрымліваць яе сканцэнтраванай, і іх, безумоўна, не варта блытаць з адзінствам месца.

Так я вырашыў, што закаханы будзе ў пакоі – пакоі, святым для яго ў памяць пра тую, што калісьці часта яго наведвала. Пакой багата абстаўлены – выключна дзеля ўвасаблення ідэі, пра якую я ўжо казаў, – ідэі Прыгожага як адзінай сапраўднай тэмы паэзіі.

Вызначыўшы такім чынам месца дзеяння, я павінен увесці і птушку, прычым абсалютна неабходна ўвесці яе праз акно. Ідэя прымусіць закаханага спачатку падумаць, нібыта лопанне крылаў птушкі аб аканіцу – гэта груканне ў дзверы, перарасла ў жаданне ўзмацніць цікаўнасць чытача, падоўжыўшы чаканне, і дадаць яшчэ адно ўражанне, паказаўшы, як закаханы кідаецца адчыняць дзверы, знаходзіць за імі адно цемрадзь і ў выніку пачынае цьмяна ўяўляць, нібыта ў дзверы пагрукаў прывід яго каханай.

Я выявіў у вершы начную непагадзь, па-першае, каб патлумачыць, чаму крумкач шукае прытулку, а па-другое – каб стварыць кантраст з вонкавай ціхамірнасцю пакоя.

Я пасадзіў птушку на бюст Палады таксама дзеля кантрасту паміж мармурам і пер’ем – безумоўна, бюст з’явіўся ў вершы толькі пад уплывам птушкі, – а бюст менавіта Палады быў выбраны, па-першае, як найбольш адпаведны адукаванасці закаханага, а па-другое, праз гучнасць самога слова «Палада».

Прыкладна на сярэдзіне верша я выкарыстаў таксама сілу кантрасту, каб паглыбіць канчатковае ўражанне. Напрыклад, з’яўленне крумкача ў нечым фантастычнае і амаль набліжаецца, калі толькі гэта магчыма, да недарэчнага. Ён уваходзіць «паважным крокам», «як прывід дзён сівых»:

У дзвюх наступных строфах гэтае ўражанне яшчэ больш узмацняецца:

Калі развязка такім чынам была забяспечаная, я адразу адкінуў усё фантастычнае і перайшоў да інтанацыі найглыбейшай сур’ёзнасці, пачынаючы ад страфы, якая ідзе пасля працытаванай вышэй:

 

А тым часам крук пануры знерухомеў на скульптуры… і г. д.

 

З гэтага моманту закаханы болей не жартуе і не бачыць у абліччы крумкача нічога фантастычнага. Ён называе яго «злавесны, змрочны дух начных пячор», адчувае сябе «пад крумкачыным позіркам, што пёк і жэр». Такая рэзкая змена думак альбо фантазіяў закаханага мела на мэце гэткім жа чынам змяніць думкі чытача, прывесці яго ў неабходны стан для развязкі, якая цяпер мусіць адбыцца як найхутчэй.