Светлый фон

З гэтага, можна сказаць, і пачаўся верш – з канца, з таго, з чаго і павінныя пачынацца ўсе мастацкія творы, бо менавіта тут, у гэты момант папярэдніх разважанняў, я ўпершыню крануў пяром паперу, ствараючы наступную страфу:

Тады я напісаў гэтую страфу, па-першае, каб, вызначыўшы кульмінацыю, лепей вар’яваць і павялічваць напружанне кожнага наступнага пытання, што задае закаханы, з гледзішча іх сур’ёзнасці і значнасці, і, па-другое, каб дакладна задаць рытм, метр, даўжыню і агульную кампаноўку страфы, а таксама размясціць наступныя строфы так, каб ніводная з іх не магла пераўзысці гэтую рытмічным уражаннем. Калі б я быў здольны пасля напісаць больш энергічныя строфы, я без ваганняў наўмысна паслабіў бы іх, каб яны не знішчалі ўражання, створанага кульмінацыйнай страфой.

Тут варта таксама сказаць некалькі словаў пра версіфікацыю. Першай маёй мэтай была, як заўсёды, арыгінальнасць. Тое, што на яе амаль не зважаюць, – адна з самых незразумелых рэчаў у свеце. Можна пагадзіцца на тым, што існуе зусім няшмат вершаваных памераў, аднак цалкам відавочна, што магчымасці варыяцый для рытму і строфікі сапраўды бясконцыя, – і нягледзячы на гэта, цягам стагоддзяў ніводны чалавек не стварыў і нават, здаецца, не падумаў стварыць што-небудзь арыгінальнае ў гэтай галіне. Справа ў тым, што арыгінальнасць (калі не казаць пра розумы надзвычайнай сілы) ніякім чынам не з’яўляецца, як лічаць некаторыя, вынікам парыву альбо інтуіцыі. Больш за тое, перад тым як яе знайсці, трэба старанна шукаць, і хаця арыгінальнасць – станоўчая і надзвычай значная якасць, дзеля яе дасягнення патрэбная не столькі вынаходлівасць, колькі ўменне адкідаць лішняе.

Безумоўна, я не прэтэндую на арыгінальнасць у плане памеру «Крумкача». Гэта васьмістопны харэй з чаргаваннем мужчынскіх (у другім, чацвертым і пятым радках) і жаночых клаўзулаў (у першым і трэцім) і чатырохстопны харэй з мужчынскай клаўзулай (шосты радок). Гаворачы без педантызму, ужытая стапа (харэй) складаецца з двух складоў, націскнога і ненаціскнога; першы радок уключае восем такіх стопаў, другі – сем поўных стопаў і адну ўсечаную, трэці – восем поўных, чацверты – сем поўных і адну ўсечаную, пяты – тое самае, шосты – тры і ўсечаную апошнюю стапу. Такім чынам, кожны з гэтых радкоў, узяты асобна, ужо выкарыстоўваўся раней, і арыгінальнасць «Крумкача» палягае ў спалучэнні гэтых радкоў у страфу; ніхто да гэтага нават блізка не ствараў нічога падобнага. Уражанне арыгінальнасці ўзмацняецца іншымі незвычайнымі і нават безумоўна новымі ўражаннямі, якія выклікае больш шырокае выкарыстанне прынцыпаў рыфмавання і алітэрацыі.