На той момант я ўжо даволі добра ўяўляў крумкача – птушку, што прарочыць бяду, манатонна паўтарае адноадзінае слова
Цяпер мне трэба было спалучыць дзве ідэі – закаханага, што аплаквае сваю памерлую каханую, і крумкача, што пастаянна паўтарае слова nevermore, – і зрабіць гэта было неабходна, не забываючы ўвесь час па-рознаму выкарыстоўваць гэтае слова. Аднак адзіны магчымы спосаб спалучыць усё гэта – прымусіць крумкача паўтараць слова ў адказ на пытанні закаханага. І тут я ўбачыў магчымасць стварыць уражанне, на якое я разлічваў, то бок уражанне сэнсавых варыяцый. Я ўбачыў, што магу зрабіць першае пытанне, зададзенае закаханым, – першае пытанне, на якое крумкач павінен адказаць nevermore, – банальным, другое – менш банальным, трэцяе – яшчэ менш і гэтак далей – пакуль урэшце закаханы, выведзены са свайго звычайнага стану абыякавасці скрушнасцю самога слова, яго частым паўтарэннем і асэнсаваннем злавеснасці птушкі, што яго вымаўляе, не ўспамінае розныя забабоны і не пачынае апантана задаваць зусім іншыя пытанні – пытанні, адказы на якія западаюць яму ў сэрца, – задаваць іх напалову з забабоннага жаху, напалову з таго адчаю, які знаходзіць задавальненне ў самакатаванні, задаваць не таму, што ён верыць у прарочую ці д’ябальскую сілу птушкі (якая, як упэўнівае яго розум, проста паўтарае вывучаны на памяць урок), а таму, што ён адчувае вар’яцкае задавальненне, будуючы свае пытанні так, каб ад чаканага nevermore адчуць гора самае невыноснае і таму самае вытанчанае. Зразумеўшы, якія магчымасці дае ці, хутчэй, навязвае мне гэта ў працэсе пабудовы верша, я перш за ўсё засяродзіўся на кульмінацыі, ці заключным пытанні – тым, на якое nevermore будзе канчатковым адказам, тым, у адказ на якое слова nevermore зацягне ў самую глыбокую бездань гора і адчаю, якую толькі можна ўявіць.