Светлый фон

Нехта жыў доўга i змястоўна... І „памёр..., насычаны днямі...” Ёган Вольфганг Гётэ, Леў Талстой, Томас Ман... Урэшце — Леонардо да Вінчы... (У XV-XVI стагоддзях, калі жыў мастак, чалавечае жыццё было кароткім, i яго 67 год — амаль біблейскі век).

У сярэдні свой узрост здолелі змясціць — сэнс эпох, шматзначнасць задум, тэм, ідэй, найтанчэйшыя ўзаемадачыненні свядомасці, спрадвечнае імкненне да ісціны Уільям Шэкспір, Аляксандр Блок...

Як абраннікі Божыя, таленты часцей за ўсё прымалі сваю долю пакут у сваім зямным існаванні. Ці на ўсім шляху сваім, ці — на пэўным адрэзку яго, ці напрыканцы жыцця...

Трагічныя некалькі грамаў свінца: дуэль Лермантава, гібель пры Шэгенвары падчас паўстання 1848 года Шандара Пёцефі, расстрэл фашыстамі Федэрыка Гарсія Лоркі...

Пакутны канец Пушкіна, выпрабаванне болем хваробы Бальзака, жорсткая расплата за імкненне спазнаць бездань жыцця ва ўсіх праявах: Гейнэ, Мапасан... Уайльд... Зыход з Яснай Паляны Льва Талстога...

Трагедыя лёсу... Трагедыя зямнога існавання...

...Шклянкі з морфіем i атрапінам на Ранча Хараства — апошні ўчынак Джэка Лондана... Чаму? Быў стомлены здрадамі, няўдзячнасцю, адкрытай подласцю? Зломлены жыццём? Не мог больш пісаць на ўзроўні „Белай цішы” i „Марціна Ідэна”? Ці — ўсё разам? Вырашыў, паводле меркавання яго сябра, Джорджа Стэрлінга, „не заседжвацца ў кампаніі ўласнага трупа”?

...Паляўнічае ружжо, стрэлам з якога 2 ліпеня 1961 года ў Кэтчуме падвёў рысу пад сваім жыццём Эрнэст Хэмінгуэй... „Чалавек не для таго створаны, каб цярпець паражэнне”, — гэта яго словы. Тата Хэм — хаця i ca „згубленага пакалення”, аднак з пароды пераможцаў...

...Паражэнне пераможцаў... Асоб, у якіх не толькі героі ix твораў, але i яны самі сталіся для многіх пакаленняў эталонам мужчыны, — пераможцы стыхій, увасабленне мужнасці, высакародства, абаяльнасці, стойкасці, трываласці...

46 - Джэку Лондану, 62 — Эрнэсту Хэмінгуэю... 29 — Ясеніну, 37 — Маякоўскаму...

Сусветна вядомыя празаікі — на вяршыні славы... Рускія паэты — на вяршыні славы i няславы...

... А вось смяротна хворы Антуан Ватто ствараў сваіх куртуазных „Капрызніц”... I напаўгалодны сухотнік Аляксандр Грын пісаў раманы-феерыі, раманы-мроі...

Шматлікія даследчыкі, біёграфы вызначаюць факты жыцця, звяраюць, пазначаюць асацыяцыі, аналізуюць, падводзяць вынікі, ствараюць сур’ёзныя i менш сур’ёзныя творы пра знакамітых... Аднак... Застаецца страшная, бязмерная, бясконцая таямніца... Загадка... Як i загадка мастацтва... Выратавальнага. Мастацтва — карніка i суддзі. Мастацтва — лекара. Мастацтва вызначальніка свабоды Быцця...