У МРОЙНЫЯ ХВІЛІНЫ ПАДАРОЖЖАЎ
У МРОЙНЫЯ ХВІЛІНЫ ПАДАРОЖЖАЎПаралелі, аналогі, алюзіі
Паралелі, аналогі, алюзііУ сваю пару, пасля вандроўкі ў Францыю, у 1978 годзе, у адной з рэдакцый я распавяла была гаворку пра нататкі. I вельмі мэтанакіраваная i дзейсная асоба імярэк паглядзела на мяне так, нібыта мне стрэліла ў голаў вырошчваць бручку ў ружоўніку. Маўляў, звар’яцела няшчасная: гэткі ашалом ад эмоцый, а тую Belle France, так бы мовіць, толькі адным вокам бачыла: што такое дзесяць дзён (ці дванаццаць)! Я сумелася i паклала накіды ў стол.
Пасля падарожжа ў Італію ў 1987 годзе зноў узяла сумніва — ўскруг усё віравала, усё змянялася кожнага дня: што тая Італія?
Але яна ўзнікала — хрэстаматыйна-знаёмая, a ў нечым вядомая толькі мне i маім спадарожнікам. Памяць вяртала — чакана i нечакана — i далёкія французскія ўражанні. I ўсё гэта пакідала адбітак на дні ўчарашнім, на дні сённяшнім, на падзеях апошняга часу.
Ды i гэтыя краіны мараў сталі, на жаль, бліжэй далека не для ўсіх маіх суайчыннікаў. Жалезную заслону адчынілі, але шляхі на Захад, ды i на Усход, перапынілі для многіх найперш эканамічныя няўладзіцы.
Тады... Тады свабода слова толькі абвясціла пра сябе, усе пафасна (пафас у былым Саюзе быў хранічны) абвяшчалі перабудову.
Яшчэ здавалася нязрушнай КПСС, яшчэ мала хто мог уявіць, што „Союз нерушимый республик свободных» лічыць апошнія гады. Незалежнасць рэспублік здавалася фантастыкай. Меркаванні, што неўзабаве падаліся б звычайнымі, тады выдавалі не менш, як крыміналам.
Тымчасам мы выракліся, адмовіліся, разбурылі. Апынуліся на руінах. Ці то будавалі новы гмах, ці то зноў стваралі паветраныя замкі.
I вяртаючыся да старых допісаў, я трымаюся гэтага сюжэта таму, што хачу знайсці калі не грунт існавання, дык хаця б нейкія зачапкі ў гэтым свеце. Магчыма, тут ёсць схільнасць да таго, што пэўным часам пазначылі было гэткім гаспадарча-інвентарызацыйным паняццем: агульначалавечыя каштоўнасці. Хаця па сутнасці зноў паперадзе інтарэсы дзяржавы.
І камерцыялізацыя асабістага. I — словы, словы, словы...
А — ва ўсе часы былі i ёсць яшчэ прыкметы быцця — сталыя i зменныя, залежныя ад геаграфіі i нацыянальнай ментальнасці i паўсюдна агульныя, пазнавальныя прыкметы, што вызначаюць проста жыццё. „Блажен, кто посетил сей мир в его минуты роковые...” Хто ведае... Што больш меціць быццё: гістарычныя ці пазагістарычныя імгненні? Калі людзі проста існуюць — радуюцца, спрачаюцца, спасцігаюць навуку, вучаць іншых, робяць, кахаюць, бяруць шлюб, мысляць, ходзяць у госці... Падарожнічаюць. Не ў перыяды ж вялікіх гістарычных змен узводзяць бажніцы, ствараюць карціны, будуюць гарады, вырошчваюць сады, гадуюць кветкі...