Светлый фон

 

Восеньскі падарунак

Восеньскі падарунак

Вандроўка ў Італію была нечаканая. Гэткі падарунак восені. Здаецца — тым самым момантам, калі пані Удача нібыта забылася нават пра тваё існаванне, а жыццё толькі i робіць, што кідае цябе ў накдаўны, i ты ўжо рыхтуешся да чарговага наканаванага хуку — а тут раптам узнікае той самы сподачак з блакітным акрайцам. Італія...

Весь груз тоски многоэтажный —

Сгинь в очистительных веках!

У галаве — мешаніна. Нейкая чаўпра з вежаў, нефаў, купалоў. Цэркваў, палацца... Каналы, гандальеры... Хаця не, Венецыі ў маршруце няма. „Кавалак неба, што трапіў на зямлю” — Неапаль — таксама заетаецца ў баку. Затое — будуць Рым, Фларэнцыя, Мілан, Балонья, Рэджо-Эмілія...

Лацыё, Умбрыя, Таскана... „Голубоватым дымом вечерний зной возносится, долин тосканских царь...” Мітусня цытат. Нейкія ўрыўкі з фільмаў дэ Сантыса, Вісконці, Антаніёні, Феліні. Слоўная феерыя Анны Маньяні, самнамбулічны позірк Монікі Віцьці, каскад рухаў Марчэло Мастраяні... Напаўзабытыя факты i даты... З Базары, Муратава, Джывелегава... I зноў — радкі, радкі, радкі...

„Omnia mutantur, nihil inferit.” A яны былі аптымісты, старажытныя рымляне. „Усё змяняецца, нічога не знікае”.

Так, безумоўна,трэба было б давесці да ладу, сістэмы факты, надсвежыць памяць, пэўна даведацца — але ўжо няма часу. Пачынаецца вандроўка. I абавязковыя няўладзіцы, неспадзяванкі, недарэчнасці. Хіба ў нас інакш магло быць? Самалёт з Мінска ў Маскву (група журналістаў, тады яшчэ СССР, вылятала з Масквы) позніцца на пяць гадзін, гатэля ў Маскве няма, патрэбнае аддзяленне Інтурыста я знаходжу, добра паблукаўшы па калідорах i холах Астанкінскага гасцёўнага комплексу. Паводле не самых лепшых традыцый не самых лепшых часоў нам паведамляюць процьму правілаў, інструкцыяў: перасцерагаюць, папярэджваюць, даводзяць „да ведама”.

І тым не менш — напаўяве, напаўсне мы аказваемся ў аэрапорце Леанардо да Вінчы, або Ф'ю Мічына. Выпраўляемся далей. Не ў Рым, a ў Остыю: чэмпіянат па лёгкай атлетыцы, усе гатэлі вечнага горада занятыя.

... Мост, перасохлая, выцвілая рачулка, як быццам нехта плескануў вады на звычайны шэры жвір. Высвятляецца, аднак, — гэта хрэстаматыйна вядомы Тыбр. Усё змяняецца? Ці проста канец спякотнага лета?

А светлы, рудавата-вохрысты колер будынкаў каля дарогі — колер „трастэверын”, колер Рыма.

Наш „Сатэліт-палас” у Остыі сціплы. Але з усімі выгодамі цывілізацыі. Асноўнае насельніцтва гатэлю падчас нашага знаходжання там — паліцыянты.

Раніцай каля гатэля — усё блакітнае i сіняе ад кашуль-уніформаў i машын: першынства свету, муніцыпальная паліцыя пачынае працоўны дзень. Пачынае свой дзень i Остыя — грукацяць жалюзі крамаў, мужчына паважна вядзе сабаку на ланцужку, жанчыны паліваюць кветкі ў лоджыях. Вуліцы чысцюткія, дагледжаныя. Лоджыі патанаюць у зеляніне. А мы, праглынуўшы кубачак кавы i булачку-расету, сядаем у наш „Італбус”, шыкоўны, з кандыцыянерамі, з аграмаднымі светаахоўнымі шыбамі.