Дарэчы, нас інструктавалі, папярэджвалі, вучылі, зусім паводле традыцый даўніх i нядаўніх часоў — ніякіх стасункаў з чужынцамі-чужаземцамі (а чаго тады ехаць?), ніякіх шпацыраў на адзіноце (парушала гэтае правіла, дзе толькі была магчымасць, не заўсёды ўдала, але пра тое пазней), ніякіх адхіленняў ад групы, ніякіх..., не, не, не... Праўда, чамусьці нікому не стрэліла ў голаў пазначыць, што плады асветы мы часцей за ўсё праглыналі недаспелымі, a часцей — толькі паглядалі на недаступныя плады i змушаныя былі аднеквацца: „зело зелены”. Увогуле ж „учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь”... (А з далечыні году выхаду ў свет кнігі, а не моманту публікацыі допісу — з жалем пасведчу: стала яшчэ горш).
...Вяртаючыся ж у музеі Ватыкана... Знакі, стрэлкі... Усе — да Сікстынскай капэлы. Стрэлкі ў галерэі з арасамі, стрэлкі ў галерэі са столлю, дзе роспісы ў стылі рамбулье (рамбалі, як вымаўляла Анна Сандрэцьці) — роспісу, што зрокава стварае ілюзію рэльефу.
Урэшце — капэла Сікстына. Тут прадугледжана ўсё, каб, наколькі гэта магчыма ў натоўпе, пакінуць усю мітусню свету за дзвярыма. Нельга перамаўляцца, нельга весці экскурсіі, нельга фатаграфаваць, нельга здымаць на кінаплёнку.
Закратаваныя вокны капэлы — высока-высока. Алтар: драўлянае разьбярства. Такі ж драўляна-разны амбон. Aлe ўсё гэта здаецца антуражам, прычым нязначным, галоўнае — роспіс Мікельанджэла. „Урачыстае i змрочнае свята, дзе ўсё нагадвае пра жалобу дня памерлых”. Так згадваў пра гэты — адзіны ў свеце — роспіс Рамэн Ралан. Твор Буанароцьці аднаўлялі — i там, дзе папрацавалі рэстаўратары, усё чамусьці прыгладжваецца, набывае ненатуральна новы выгляд, робіцца спакойна-гарманічным, нібыта гэга ўжо не магутна-трывожны геній Мікельанджэла, а ясны, злагадны талент Філіпо Ліппі.
У Рыме наогул, a ў Ватыкане асабліва, нібыта вандруеш з эпохі ў эпоху. Усё спалучана, усё ў судачыненні. Пачынаеш губляць адчуванне рэальнасці, чуццё істоты ў пэўна пазначаных часе i прасторы, шматвекавы гістарычны час уладна прыцягвае да сябе, пераконвае відавочнасцю мастацтва, шматвекавых рэалій. Вазы, тыя самыя, што мы бачылі ў падручніках, чорныя амфары з вохрыста-бэжавым малюнкам, чарніліца, якой 2500 год, знакаміты Апалон Кановы... I ўжо нават даглядчык з музэя Ватыкана пачынае нагадваць уладарнага прынчыпе (князя) часоў Ларэнцо Медычы (Ларэнцо Цудоўнага). А на знакамітай лесвіцы Скала Рэджа, здаецца, неўзабаве з’явіцца сам Святы Айцец. Аднак відавочна выпрабоўваць эфект калонаў, што паступова змяншаюцца ў памеры, рызыкуюць толькі два фотааматары.