Варта Ватыкана — нязменна ва ўборах яшчэ паводле эскізаў Мікельанджэла, і, падпаўшы пад узвышанае ўздзеянне Ватыкана i пад магічны ўплыў цырыманіялу старадаўніх часоў, са здзіўленнем глядзіш на мулатку ў саборы Святога Пятра — ў найсучаснейшых ружовых нагавіцах, з дзіцем. Дзіця плача. Яны прытуліліся каля калоны, жанчына амаль ляжыць на плітах бажніцы. Чаму яны апынуліся тут? Магчыма, жанчына лічыць, што тут яе жальба будзе хутчэй пачута Усявышнім? Ці спадзяецца на неадкладную дыяканічную дапамогу? А можа, прыйшла глядзець на знакамітую будову Джаванні Берніні? Неверагодна прыгожую грабніцу Святога Пятра? Асабліва глядзіцца яна (грабніца) з сучаснай падсветкай: высакародны абрыс лесвіцы, умеркаванасць пазалоты, мяккасць белага i каляровага мармуру. I нейкая падкрэсленая свецкасць, нават тэатральнасць — i ўсё нагадвае не так пра марнасць зямнога, як сцвярджае адвечнасць Боскай Красы.
Нейкая суцэльная эйфарыя — апошнія метры дзяржавы Ватыкана. Хаця — ў розных людзей, мабыць, свае уражанні. У некага — узвышаныя, узнёслыя ад дачынення да Боскага Святла, у некага — абумоўленыя выключна рацыянальнымі назіраннямі, у некага — пантэістычныя, ад адчування вечнасці прамяніста яснага сонца, ад якога белая каланада на плошчы Святога Пятра перад саборам здаецца пякуча белай. Ёсць i сакральнае, глыбока асабістае, пра што весці гаворку ў такіх стракатых нагатках немагчыма.
I зноў — мешаніна часоў i эпох. Руіны тэрмаў Каракалы. „In corpore sano mens sana”. Toe, што мы ўсе памятаем з маленства. „У здаровым деле здаровы дух”. Рымляне ведалі пра гэта. Пасля лазні ішлі ў бібліятэку.
...Віа Алессандро, палацца Фарнезе. Менавіта тут жыла дама барока, шведская каралева Крыстына-Аляксандра, што адмовілася ад прастола, каб прыняць каталіцтва. Тая самая, што адпрэчыла прапанову, каб яе прывезла карэта, зробленая паводле задумы самога Берніні. Яна з’явілася ў вечным горадзе конна. Як сапраўдная каралева Сеічэнта — каралева ХVII стагоддзя. Тая, перад якой адчувалі сябе падданымі нават кансакраваныя асобы. Як сведчылі многія, не хто-небудзь, Адзаліні — служка Боскі — кінуў на брукаванку сваю кардынальскую мантыю, каб каралева не сутыкнулася з брудам маставой.
Грабніца Крыстыны-Аляксандры змешчана ў саборы Святога Пятра: vixit Christina Deo annos 63 — (Крыстына, што памерла ва ўзросце 63 гадоў). Тут знайшлі вечны супакой астанкі каралевы, верніцы, што ведала 7 моў, штудыявала класікаў, валодала лепшай бібліятэкай свайго часу. Studia Divina — вывучэнне Боскага — было асноўным яе заняткам. Хаця яна любіла гарэзліва пацвельвацца: „Баўлю час тым, што смачна ем i добра сплю, вяду прыемныя размовы i ўвогуле жыву так, як мне падабаецца”. Век барока... Што ў яе словах — праўда, а што — не? Праўда — яе адрачэнне ад прастола дзеля веры... Мы ведаем — колькі людзей i якімі спосабамі дамагаліся кароны... А яе словы... Век барока... Век складаны. Велікапышны... Век не толькі каралевы Крыстыны, але i вялікіх дойлідаў: Берніні, Бараміні, Гварыні. Век з’яўлення мройлівага цуда фантанаў Рыма. (Дарэчы, вадазборы Рыма дагэтуль бяруць ваду з 12 водаправодаў Старажытнага Рыма. A самыя вядомыя з акведукаў: Аква Паола, Аква Марыя, Аква Фелічэ, Аква Вірга.)