Светлый фон

„Анна-Ліза, Анна-Ліза, Анна-Ліза...” Да яе звярталіся з прычыны i без дай прычыны. Прыгажосць прыцягальная... І маладосць...

 

Чывіта Век’ё застаецца ў баку

Чывіта Век’ё застаецца ў баку

Калі мы штодня ехалі з Остыі ў Рым, дык сустракалі ваблівую стрэлку: Чывіта-Век’ё. Італьянская фабрыка кінасноў i кінамараў. Але мы заўсёды паварочвалі ў другі бок. У нас іншая праграма. Рытуал полудняў i вячэраў займаў тут не аношняе месца. У Фларэнцыі, Рэджа-Эміліі i Мілане мы палуднавалі ў рэстаранах гатэляў, у Рыме — у розных лакандах i траторыях. Наведвалі мы, зразумела, рэстараны не самага высокага класа. Прыблізна паводле Купрына — той лічыў, што ў кожным горадзе трэба наведаць царкву, схадзіць на кірмаш i ў не самы шыкоўны рэстаран („средней руки”).

Рэстаран „Да Беніга” ў раёне Трастэвэрэ, сярэднявечным раёне Рыма. Зала з каменнай столлю, набеленымі сценамі. Пад столлю, недзе на адлегласці паўметра, драўляныя бэлькі, ці то з дубу, ці то з грабу. На ix хатнія кветкі. Аграмадны, на ўсю сцяну, буфет, паводле моды пачатку XX стагоддзя — ў ім посуд, віно ў бутэльках i ў плеценых бутлях. Памяшканне нечым нагадвае малдаўскую каса-марэ.

У адной з рымскіх траторый — канапкі, люстры з контуравымі, пуантылісцкімі малюнкамі — бутэлькі к’янці, парк, палац. У рэстаране гатэля „Сан-Марко”, дзе мы жылі ў Рэджа-Эміліі, на люстраной паверхні гольчастым контурам вымаляваны кіназоркі, каля майго месца быў люстраны Ален Дэлон.

Усюды — цішыня. Не выюць магнітафоны, не надрываюцца стэрэасістэмы (усё гэта ў Італіі надзвычай таннае, да ўзору: магнітафон „Sony „ — 30.000 ліраў, рублёў паводле курса 1987 года: 1 даляр — 60 капеек). Рэстаран — для адпачынку, для спакойнай гаворкі, для сустрэчы. Урэшце — дзеля таго, каб паесці ў спрыяльных умовах. Так растлумачылі, дарэчы, усё той жа нястрымнай аматарцы вакалу. Для танцаў ёсць дансінгі, клубы.

Харчавалі ўсюды смачна. I паўсюдна ў Італіі ў рэстаранах, вялікіх i малых, каля ўвахода — горы дымчастых сліваў, аграмадных персікаў колеру сонца, яблык, пра якія гавораць: наліўныя, ігруш, з якіх гатовы пырснуць сок, рудаватых бананаў, вінаграду, нават на выгляд спакусліва-салодкага. Нехта нясмела спытаў ў Анны-Лізы, ці нельга замест шчодрай вячэры атрымаць некалькі гэтых пладоў, на выгляд — ці не з райскага саду. Анна-Ліза ўскінула рукі ў шырачэзных рукавах, нешта ўсклікнула па-італьянску, некуды пабегла... I з таго вечара на нашых сталах шыкоўныя вазы. На той момант з пладамі, якія сярэдні жыхар Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі, мякка кажучы, не так часта бачыў на сваім стале. Персікі, апельсіны, бананы.