Вяртаючыся ж да далёкай Баённы i краю баскаў — тут ва ўсім адчувалася культура традыцыі, традыцыя культуры. Як ва ўсёй Францыі. Кожны падворак — не проста дагледжаны. Не толькі чысціня, a i хараство. Як i ў крамах. I ў крамах кошт — зусім не для крэзаў. Усё разлічана на звычайныя кішэні. I ў Бардо, i ў Баённе, i ў Андаі, i ў Парыжы... I ў Рыме, Рэджа-Эміліі, Фларэнцыі, Мілане...
У вогуле ў нас i да падзей кастрычніка 17-га года, а пасля ix — то найбольш, пра густ да нармалёвага жыцця вялі гаворку не інакш, як іранічна, пра звычкі нямецкіх бюргераў i французскіх буржуа выключна паблажліва i звысоку. Не кажучы пра ацэнку гістарычных падзей — тут размова была звычайна такая, нібыта прамоўцы валодаюць ісцінай у апошняй інстанцыі. З просталінейна-сацыялагічным ухілам.
Цяпер „рэгістр адносін” іншы ці больш правільна, ракурс бачання, але танальнасць, на жаль, тая ж. Калі раней лічылі — вось крымінальны лёс вызначыў нарадзіцца i жыць да 17-га, значыць, амаль усе — царскія сатрапы, усё было пагана, усе вінаватыя, калі не маюць індульгенцыі — рабоча-сялянскага паходжання (ды i тут — з кім меў стасункі, што чытаў, якія думкі меў?), інакш маўляў, на сметнік гісторыі. Мы свой, мы новы свет збудуем. Збудавалі. Агледзеліся. Ні Бога, ні цара, ні героя. Разбурым. Разбурылі. Адшукаем усіх, у каго хаця кропля блакітнай крыві, узновім лепшае з таго, што было да Кастрычніка... Уздымем. Увойдзем.
Наперад, у новую светлую будучыню...
Калі на гэтую будучыню зірнуць сёння, так бы мовіць, з рэалій 2006-га года. Рэчаіснасць пераўзышла чаканні... Толькі, падобна, усё ў рэжыме наадварот. Расія ператварылася ў алігархічную дзяржаву, дзе, мусіць, як i абяцаў галоўны „приватизатор”, 6-ці працэнтам належыць усё багацце краіны, дзікі капіталізм, мільёны беспрытульных дзяцей, большасць насельніцтва — ў нішчымніцы. Сярэдняя Азія ці не вярнулася паводле сацыяльнага i дзяржаўнага статусу да сярэднявечча. У нас — абвясцілі кірмашовы сацыялізм. I, мабыць, ад вялікага набытку зранку каля сметніц — людзі, падбіраюць рэшты ад выкінутага аблашчанымі гандлёвым „сацыялізмам”. (І ва ўсіх постсавецкіх краінах тыя, хто валодае капіталам, у асноўным — былыя крымінальнікі, злодзеі, былыя партакраты, досыць часта ўсе гэтыя паняцці тоесныя.)
У той часавы момант, калі ствараўся гэты матэрыял (1992), i ў блізкія гады (да i пасля), віравала духоўнае жыццё, вярталася духоўная спадчына, выдавалі кнігі забароненых i непажаданых раней аўтараў, а цяпер ці не ўсё культуровае i мастацкае жыццё паглынула камерцыйная плынь, a з ёю — пошласць, адсутнасць этычных норм i арыенціраў, ухвала агрэсіі i звярыных інстынктаў.