Светлый фон

A ўсяму свету вядомую пармскую цытадэль мы не пабачылі, яна на другім канцы горада, a нашы гіды саступалі нам да пэўных межаў.

У вогуле ж у нас пра Італію існуюць (ці да нядаўняга часу існавалі) выключна рамантызаваныя i залітаратураныя ўяўленні: Старажытны Рым, Высокае Адраджэнне, барока, Гарыбальдзі, „Маладая Італія”... Ну, яшчэ абытоўленыя ўражанні паводле неарэалістаў, магнетызм экзістэнцыяльных празарэнняў Антаніёні, праўда i містыфікацыі „фільмаў-эпістал” Феліні, антрапамарфізм i высокі акадэмізм Вісконці... Складаныя псіхалагічныя высновы Васко Праталіні, эксперыменты Таніно Гуэрры... Гэткае карнавальна-святочнае бачанне: тэатр Ла Скала, фестывалі ў Сан-Рэма, тэатр моды Ніны Рыччы... Менш, i здаецца, не толькі я, мы ўяўляем будзённую Італію, Італію справы. Тую, што заняла апошнім часам устойлівае месца сярод сямі вядучых дзяржаў свету. (Хаця апошнім часам — сумесныя вытворчыя прадпрыемствы, гандлёвыя фірмы, экспарт, імпарт... Час змяняе многае, i змяняе істотна... Сёння вандроўка ў Італію, нягледзячы на чэргі-натоўпы ў італьянскай амбасадзе, зусім рэальная з’ява...)

Чы по фарэ сконта,

Чы по фарэ сконта,

 

альбо што які кошт мае

альбо што які кошт мае

A ў Італіі, краіне пераможанай у Другой сусветнай вайне, было сваё эканамічнае дзіва. Як у ФРГ. Як у Японіі. Як сёння ў Кітаі.

Італія... Краіна, якая капітулявала. Краіна пераможаная. Але i краіна-пераможца: магутны рух Супраціўлення.

Прамысловая Поўнач. Адсталы Поўдзень. Высокая ступень манапалізацыі прамысловасці i архаічная аграрная вытворчасць. Пасля вайны — масавае беспрацоўе. Эміграцыя. (Праўда, скажам, на мяжы 50- 60-х гадоў эміграцыя — гэта часовая праца паводле кантрактаў).

Так званая мадэль эканамічнага росту мела на ўвазе тэхнічны прагрэс працазберагаючым шляхам i адначасова прадухіленне росту заробкаў. Прадукцыйнасць працы павялічвалася хутчэй за капіталаўзброенасць. На 9/10 павышэнне прадукцыйнасці працы было абумоўлена якасным павышэннем выкарыстання рэсурсаў працы i абсталявання i толькі на 1/10 - за кошт якаснага павелічэння тэхнічных сродкаў у разліку на аднаго занятага. Гэта дадзеныя вядомага італьянскага эксперта Руджэро Спесса.

Iнтэнсіфікацыя працоўных працэсаў, выкарыстанне найноўшай тэхналогіі ажыццяўляліся ў першую чаргу за кошт набыцця патэнтаў i ліцэнзіяў за мяжой. (Менавіта тое, пра што мы шмат гаворым, але мала робім.)

Абмежаванасць унутранага рынку збыту пераадольвалася за кошт экспарту прамысловай прадукцыі. Мадэль развіцця абапіралася на танную сыравіну i паліва на сусветным рынку. (Гэта тымчасам у СССР гарэлі полымем вогнішчы з газу i білі фантаны з нафты — бяры, усім хопіць да скону веку. A i сённяшняя Расія, дзе столькі людзей гібеюць у нішчымніцы, аддала прыродныя рэсурсы ў рукі некалькіх людзей i плануе газа і нафтапровады, якімі збіраецца ашчаслівіць ледзь не паўсвета...)