Светлый фон

На прадпрыемстве было занята 400 чалавек. Змены — па 6 гадзін, але аплочваўся 40-гадзінны тыдзень. Члены кааператыву „Рыніта” былі па ўсёй Італіі. 4.000 — у Рэджа-Эміліі.

У кааператыве працавала шмат жанчын. Для ix зручна мець 6-гадзінны рабочы дзень, для адміністрацыі выгадна, жанчыны на такой вытворчасці куды больш надзейныя за мужчын: няма спакусы (ці яна меншая) да дэгустацыі прадукцыі. Тут таксама дзейнічала сістэма аўтаматаў. Дарэчы, сістэму каркавання, прынятую на „Рыніце”, выкарыстоўваюць i для амерыканскай кока-колы.

На „Рыніце” таксама абавязкова правяраюць, ці ёсць хімічныя кампаненты ў зыходнай сыравіне — вінаградзе. Праўда, умовы крыху больш мяккія, як у фірмы „Джыльё”: калі з аграрыем заключаны кантракт, вінаград прымаюць у любым выпадку, аднак калі выкарыстоўваліся хімікаты, аплата стане значна ніжэйшай.

Традыцыйныя віны „Рыніты”: ламбруска, з натуральнай, а не ўведзенай шыпучасцю, віно, якое вырабляюць толькі ў Эміліі-Раманьі; б’янка — белае віно „Рыніты”; мальвазія. 80% вырабленага ламбруска ішло на экспарт, асноўны экспарцёр — ЗША.

Усе гэтыя віны прадаюць i ў Італіі, зразумела. Нам у нашым гатэлі „Сан-Марко” ў Рэджо-Эміліі падавалі да абеду віно б’янка i ваду ў букатках — тую самую, з Апенінаў, з рымскіх старажытных акведукаў. У гатэль мы звычайна прыязджалі ледзь жывыя... Ва ўсе свае падарожжы — ў Балонью, у Парму, на ўсе прадпрыемствы — мы выязджалі адсюль. I раніцай паспявалі пабачыць з акна гатэля ўтульныя жаўтавата-крэмавыя лоджыі будынка насупраць гатэля i — кветкі, кветкі, кветкі... А калi нам урэшце ўдалася пахадзіць па горадзе, дык пабачылі побач з гатэлем шматпавярховыя дамы з гаражам і, утульныя катэджы — каля аднаго з ix паспелі перакінуць масток прыязнасці праз плот прыгажуну-спаніэлю: ён так добра глядзеўся на лужку перад домам — ярка-карычневы на зялёнай траве, пешчана-добразычлівы.

A ў цэнтры горада было ўсё, што павінна быць у старым італьянскім горадзе. Палацца Сакраці, палацца дэль Капітано, палацца дэі Прынчыпе i іншыя палацца. Палацца з венецыянскімі вокнамі, з балконамі i зубчастымі дахамі — кожны зубец нібыта разламаны напалам: Рэджо-Эмілія падчас двухсотгадовага варагавання паміж гібелінамі (прыхільнікамі імператарскай улады) i гвельфамі (прыхільнікамі царкоўнай улады) была горадам гібелінаў, гэта ў ix былі такія знакі-сімвалы ў гарадах. (Крэмль у Маскве таксама будавалі прыхільнікі гібелінаў — прыгадайце зубцы яго вежаў i муроў.)

У Рэджа-Эміліі быў будынак гарадской управы, была плошча — п’яцца Тромбалі, дзе збіраліся мужчыны, каб абмеркаваць праблемы сусветнай i мясцовай палітыкі...