Светлый фон

Сыр экспартуюць ва ўсе краіны свету, дзе ёсць італьянскія рэстараны. „Джыльё” забяспечвала i мясцовы рынак: малаком, кефірам, ёгуртам, вяршкамі, маслам. Менавіта „Джыльё” вырабляла тыя масла, вяршкі i малако, што карысталіся попытам у кандытарскай прамысловасці Італіі. На той момант у нас не толькі вялі барацьбу з усімі напоямі, што мелі хоць які градус хмелю, i віно было, зразумела, найвялікшым дэфіцытам, але i з малаком i асабліва творагам былі свае праблемы, то малако фірмы „Джыльё”, якое можна было трымаць у пакеце 90 дзён, рабіла ўражанне на нас. Зноў жа ў тым далёкім 87-м, калі камп’ютары былі для нас ужо не дзівам, але i не сталі неад’емнай часткай жыцця, рабіла ўражанне i тое, што i тут, на ферме, усё кантралявалася камп’ютарам, i перфастужка захоўвала дадзеныя.

I ўжо тады фірма сельгасмашын “Фергюсон-Ландзіні” рабіла міні-трактары. I ўжо тады — быў рэальны ўзор разумнага гаспадарання. Недзе ў 1960 годзе дзве фірмы: „Фергюсон” i „Ландзіні” — апынуліся на мяжы банкруцтва. Злучэнне капіталаў, жорсткае ўлічванне кан’юнктуры рынку далі неблагія вынікі. 50% створанага iшло на экспарт, у асноўным у Центральную Афрыку i Паўднёвую Амерыку. На пытанне, як там ставяцца да тамтэйшых заводаў у Саюзе, у фірме адказалі: Мінск ім не канкурэнт, а пра Валгаградскі завод i зусім нічога не ведаюць.

80 % тых, хто рабіў на прадпрыемстве, былі забяспечаныя лікавай сістэмай кіравання, уласна кажучы, ёю забяспечаныя ўсе цэхі, акрамя зборачнага. Давала свае вынікі i „размеркаванне роляў”: у зборачным цэху працавалі вопытныя рабочыя, a ў цэхах, дзе новыя тэхналагічныя працэсы, камп’ютэрызацыя — маладыя.

I калі раней у фірме імкнуліся да падвышэння заробку ўсіх, дык з цягам часу сталі заахвочваць прафесійны ўзровень працоўных. Існавала 7 разрадаў для рабочых i службоўцаў i так званая перасоўная шкала заробку, якая не залежала ад змен на рынку: паводле ўмоў кантракту, працоўнага i прафсаюзнага заканадаўства. Адміністрацыя прадавала ў кантакце з прафсаюзамі, да прыкладу, у сталоўцы харчаванне каштавала 40% рэальнага кошту. Была i свая крама, дзе рэчы больш танныя, як у звычайных магазінах. У фірмы існавалі свае дзіцячыя лагеры на моры i ў гарах. Дзеці ад 4 да 12 гадоў забяспечваліся пуцёўкамі, але аплата — 100%, ні пра якія скідкі гаворкі не было.

Не ведаю, ці сёння мы наблізіліся да таго, каб быць канкурэнтамі такіх фірм, як „Фергюсон-Ландзіні”. А вось кааператыву „Рыніта” мы наўрад ці калі-небудзь будзем канкурэнтамі — нават у самых спрыяльных умовах. Гэта фірма „Рыніта”, як ужо згадвалася, займалася вырабам вінаградных він. На тую пару тут перапрацоўвалася 2.000.000 цэнтнераў вінаграду ў год, 160.000 бутэлек. Гадавы абарот капіталу — 160 міліярдаў.