Светлый фон

Быў у горадзе i оперны тэатр, які, дарэчы, на рахунку муніцыпалітэта. Гэта ў горадзе, дзе жыве толькі 130.000 жыхароў. Па сучасных маштабах урбанізацыі — зусім мала. Білеты на оперны спектакль каштавалі ліраў (30 рублёў на тую пару). У параўнанні з нашымі цэнамі ў тэатрах тых год — неверагодна дорага, у параўнанні з Міланскім Alla Skala (менавіта так пазначана на афішах знакамітага тэатра, Алла Скала, а не Ла Скала, як прызвычаіліся гаварыць мы) гэта зусім даступная цана. Там, у Мілане, на тую пару, самы танны білет на шэраговы спектакль — 80.000 ліраў. А на адкрыццё сезона (7 снежня) або на прэм’ерныя спектаклі білеты ў партэр роўныя сярэдняму месячнаму заробку — 800.000 ліраў. З таго часу шмат што змянілася, але білеты ў Ла Скала больш таннымі не сталі...

Але гэта ўжо Мілан.

 

„За хараством...”

„За хараством...”

У гэтым горадзе перш-наперш мы былі ў знакамітым тэатры. Толькі ў будынку. Не на спектаклі. I ў музеі Ла Скала.

Сцэна — i вельмі сімпатычныя лямпы з абажурамі над аркестровай ямай. Багемскі крышталь — у фае. Крышталь з Мурана — ў зале. Фае відавочна разлічана на вечаровыя строі дам, фракі, смокінгі, паважныя праменады. Белы карарскі мармур, матавае святло свяцільняў, высокія, ад падлогі да столі, люстры.

У музеі — бюсты вялікіх: Ліст, Глюк, Шуман, Моцарт, Бетховен, Мендэльсон, Paciнi, Керубіні, Меербер, Бах, Гендэль, Гайдн. Але прыцягваюць увагу чамусьці не гэтыя парадныя скульптурныя партрэты...

...Злепкі рук... Тонкая, вытанчаная — рука Шапэна. Пухлаватая, цяжкая, працавітая — рука Вэрдзі... Маналог рук. Пра што распавядаюць яны? Пра смутак толькі што створанага вальса або накцюрна? Пра цяжкую працу маэстра, якому заўсёды спрыяў поспех? Пра лёс вялікага па-за сцэнай?

Пасля музея знакамітага тэатра мы настройваліся на пілігрымку — не інакш — да „Тайнай вячэры” Леанардо да Вінчы, але палац Сфорца быў зачынены: выхадны. Так што ні гэты роспіс, у сталавальні кастэла Сфарцэска, ні фрэскаў у зале дэллэ Ассэ па яго ж эскізах мы не пабачылі, паглядзелі толькі на вішнёва-цагляную забудову Джаванні ды Мілана, Філарэтэ i Брамантэ. Замак-фартэцыя нагадвае Трокі. Насупраць яго — прапылены гарадскі сад, не тое каб засмечаны, але недагледжаны, ён нагадваў нашы раённыя, абласныя, сталічныя скверыкі, тыя самыя, дзе зусім незадаўга да таго часу абавязкова бранзавеў або выдаваў літой сталлю які-небудзь правадыр паслякастрычніцкіх часоў. Пацягнула на гэтыя параўнанні, можа, таму, што прыгадаўся Блок, яго з’едлівыя заўвагі: „Племя ангельскіх турыстаў i турыстак вызначаецца відавочна парасячай пладавітасцю; „Тайная вячэра” Леанардо, напрыклад, ужо недаступная для гледача; пры ўваходзе ў сырую стайню, дзе змешчана карціна, натыкаешся перш-наперш на плот з пляскатых дошак: гэта — спіны англічанак, якія сядзяць на седалах, што куры на курасадні”.