Светлый фон

— Ну, ну, не паддавайся, Кася! — крычыць Лорд.

— Глядзі, Уладзік, каб не спіхнула з гары! — чую голас Шчура.

А мы змагаемся зацята, аднак безвынікова. Кася была мацнейшая і нашмат цяжэйшая за мяне. Аднак я быў больш спрытны, хоць і яна таксама некалькі разоў выкруцілася з маіх рук. Нарэшце абое зваліліся ў гурбу. Усе зарагаталі. Я ўсхапіўся на ногі і кінуўся да санак, за якія мы пачалі барацьбу. Я ўскочыў і панёсся з гары. Аднак у апошнюю хвіліну Кася паспела ўхапіцца і ўзлезла ззаду. Мы імчымся ўніз. Вецер астуджвае твары. Звяртаюся да дзяўчыны:

— Кася, гэта ты?

— Што? — пытаецца яна.

— Ну, не ведаеш, ці што?

Яе твар палымнее. Вочы весела смяюцца.

— He ведаю…

Больш не пытаюся. Баюся, каб не атрымалася памылка. Ужо мы ўнізе. За намі з’язджаюць Лорд, Базыль і Шчур, за імі — Алена, Магда і Насця.

Позна ўвечары мы ўсе весела вяртаемся дахаты. Смех не сціхае. Шчур, падышоўшы да мяне, мацае бакі.

— Чаго хочаш?

— Хачу паглядзець, ці засталіся цэлыя рэбры? З Касяй, браце, не жарты!

На стале нас чакае багатая святочная вячэра. Мы з апетытам ядзім і шмат п’ём. А пасля вячэры забава цягнецца зноў.

Шчур грае на балалайцы і спявае:

Пасля Шчур просіць, каб я зайграў вальс. Бяру балалайку і выконваю просьбу сябра. З камічнай грацыяй Шчур па чарзе абыходзіць дзяўчат і запрашае іх таньчыць, аднак ніхто не ўмее вальса. Тады Шчур таньчыць разам з Лордам. Робіць смешныя рухі, крывіць твар і выклікае агульны смех. Потым я для іх жа выконваю польку, а яны таньчаць яшчэ смяшней. Нарэшце Шчур прыносіць з сеняў венік і таньчыць разам з ім. Да сваёй дамы спачатку адносіцца вельмі галантна, але калі тэмп полькі ўзмацняецца, ён сам і партнёрша робяць вар’яцкія рухі. Штохвілі хату трасуць моцныя выбухі смеху.

У нейкую хвіліну Мацей кажа Шчуру:

— А можа, хлопча, зайграеш «Лявоніху»?

Шчур ляпае сябе па лбе у знак таго, што забыўся пра гэты танец. Бярэ балалайку. Па хаце разлятаюцца вясёлыя гукі танца. Лорд запрашае Алену. Я таньчу з Магдай. Кася і Насця з братамі. Мы ўтварылі некалькі пар.

Пасля Шчур зайграў другі беларускі народны танец — «Мяцеліцу». Тэмп рабіўся ўсё жвавейшы, і хата захадзіла ў мяне перад вачыма. У паветры ляталі каляровыя сукенкі дзяўчат. Усіх паланіла вясёлая імпэтная «Мяцеліца». Ззяюць вочы, зіхацяць твары, ногі ледзь паспяваюць за шалёным рытмам танца. У паветры нясуцца воклічы Шчура і Лорда. Танец уздымае усіх, нават Шчур таньчыць на месцы разам з балалайкай, на якой грае з усё большым запалам. «Мяцеліца» захапіла нас і круціць, і віруе, і мяце, нібы сапраўдная снежная завіруха.

Забава працягвалася доўга, і толькі позна ўвечары ўсе разышліся адпачываць. Шчур і Лорд засталіся нанач. Для гасцей ссунулі дзве лавы і зрабілі адзін супольны ложак.