Светлый фон

Цішыня яшчэ не хутка ўсталявалася ў хаце. Доўга па розных кутках гучалі размовы і смех. Гэтую ноч я спаў адзін. Мая каханка не наведалася ў госці. Магчыма, пабаялася, каб не заўважылі мае сябры.

Нараніцу, адразу пасля снядання, Шчур і Лорд вырушылі назад. Даўрыльчукі ўгаворвалі іх, каб яшчэ пагулялі адзін дзень, але хлапцы адказалі, што сёння ім абавязкова трэба вярнуцца ў мястэчка і рыхтавацца ў дарогу.

Я пайшоў іх праводзіць. Даведаўся шмат новага. Юрлін перастаў хадзіць за граніцу. Ён добра зарабіў у «залаты сезон» і зараз не хоча рызыкаваць. Вырашыў дачакацца прыдатнейшай пары. Яго месца заняў Лорд і, як машыніст, водзіць групу на пункт Юрліна. Перад святамі ў мястэчка вярнуўся Цвік, які восенню 1922 года паклаў сваю групу ў Саветах. Ён уцёк з высылкі і, змучаны, хворы, ледзьве жывы, дабраўся дахаты. Анёл трапіў у рукі польскіх стражнікаў і зараз сядзіць у Наваградскай турме. Цяпер «дзікіх» водзіць Сум. Група «дзікіх» зменшылася — налічвае ад 10 да 15 чалавек. У пачатку зімы «дзікія» зрабілі Кентаўру дзве агранды, але зараз некалькі партый перакінулі чыста. Браты Алінчукі ў дарогу не ходзяць — нечага баяцца. Пятрусь Філосаф хоча адаслаць Юліка Вар’ята ў шпіталь, можа, там яго падлечаць. Хлапцы зрабілі складчыну і сабралі на лячэнне Юліку больш за 400 рублёў. Пачуўшы гэта, я напісаў Петрусю, каб з маіх 1200 даляраў узяў для Юліка на лекаванне 100 даляраў, а калі спатрэбіцца больш — няхай паведаміць мне. Болек Камета п’е, як і раней. Мамант, Алігант і Фэлік Маруда ходзяць за граніцу разам з групай Лорда. З імі таксама фартуе Ванька Бальшавік. Шчур сказаў, што Юрлін нібыта перапыніў працу праз Соньку, якую падазрае ў здрадзе: у дарозе ёй і Ваньку здаралася шмат момантаў, якія заўсёды выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах. Бэлька разам з бабскай (Лорд сказаў — дзюравай) групай, добра зарабіўшы ў залаты сезон, таксама за граніцу не ходзіць.

Сябры расказалі яшчэ шмат навін пра граніцу, пра паўстанцаў, пра жыццё ў мястэчку, але ні слоўкам не абмовіліся пра Фэлю. Нарэшце запытаўся пра яе ў Лорда.

— Зараз у Фэлі жыве сваячка з-пад Дубрава, — адказаў Лорд. — Альфрэд пасылаў да яе сватоў і зноў з’еў гарбуз. Фэля стала паненкай з пасагам. Ходзіць пра 30.000 даляраў чыстымі! Гараць да яе ўсе, але круціць носам. Мусіць, чакае каралевіча!

Я правёў хлапцоў амаль да Душкава. Калі развітваліся, Лорд запытаўся:

— Ну, крыху звык?.. He абрыдла табе?

Шчур адгукнуўся да яго:

— Што яму абрыдзіць! Шамкі і гарэлкі пад дастаткам, а дзеўкі як лані! Мёртвы б падняўся!

— Я не ляту на іх, — з удаванай абыякавасцю адказаў ім. — А пацехі ў нас ніякай няма. Вось вы толькі трошачкі разварушылі… Сяджу там, бо мушу!