Светлый фон

— Але ж гэта не плата! Цэнім вашу працу… Мы проста ўдзячны… Ну, і ў нас хапае!..

— Тады штось іншае! — адказаў Кручок. — Калі так, дык трасіце.

Узяў 60 працягнутых яму залатых рублёў і 30 аддаў мне. Пасля мы выйшлі з гумна і, спяшаючыся, накіраваліся бочнымі вулачкамі на Слабаду.

Ужо світала, калі наблізіліся да хаткі Кручка. На ўсходзе неба ўсё больш ярчэла… Абвяшчала пра ўзыход сонца.

6

6

Прыйшла вясна. Знікла белая сцежка. Лягла чорная. Але перамытнікі мала хадзілі за граніцу. Ночы былі кароткія, дарогі вельмі цяжкія, мяжа і пагранічча добра ахоўваліся. У параўнанні з залатым сезонам зараз працавала толькі 10 працэнтаў перамытнікаў. Тавар за граніцу піхалі нерэгулярна — выбіралі лепшыя ночы… Амаль усе старыя групы надоўга спынілі сваю работу. У той жа час хадзілі паўстанцы — маладыя, недасведчаныя хлопцы, якія не мелі паняцця аб перамытніцкай працы і хадзілі на схібіў-трапіў. Вельмі часта пападаліся, аднак іх месцы займалі новыя паўстанцы, якім прыходзіла ахвотка зарабіць пару рублёў на гарэлку.

Разам з Кручком пяць разоў быў за граніцай. Працягвалі вадзіць фігуркі. Сябра сказаў мне, што тыя пяцёра, каго мы перакінулі ў пачатку нашай агульнай працы, былі афіцэры.

— Адкуль ты ведаеш? — запытаўся ў яго.

— Нюхам адчуваю!.. Я ўсялякага народу сотні перакінуў. Адразу кожнага пазнаю: што за ён!

У час нашай працы на пункт прывялі дзвюх жанчын з двойкай дзетак ды іхняга спадарожніка — чалавека сталага веку. Мелі мы з імі шмат клопату. Жанчыны напакутваліся, а дзеці наплакаліся: вымушаны былі рабіць днёўку ў лесе і толькі на другую ноч перайшлі граніцу. На трэці раз перавялі ў Ракаў папа з жонкай і дачкой. Яны вельмі баяліся. Поп увесь час паўтараў:

— Каб, мае даражэнькія, толькі ўсё было ў парадку!

— У нас заўжды ўсё ў парадку! — адказваў яму Кручок.

Акрамя перакідкі фігурак мы яшчэ займаліся перамытніцтвам.

На кожным пераходзе зараблялі ад 60 да 150 рублёў золатам. Пасля вяртання з-за граніцы мы звычайна адпачывалі 2–4 дні і зноў выходзілі ў дарогу. Кручок арганізоўваў справы на пункце. Купляў тавар, а я альбо сядзеў у хаце, чакаючы яго звароту, ці бадзяўся па лясах, якія зараз, пакрыўшыся веснавым зялёным уборам, выглядалі цудоўна.

Калі мы за пятым разам прыйшлі з-за граніцы, Кручок, як звычайна, падаўся ў мястэчка, а я лёг спаць. Hi ўдзень, ні ўначы сябар не вярнуўся. Гэта мяне занепакоіла, паколькі ён абяцаў прыйсці па апоўдні таго ж дня. Увесь наступны дзень яго таксама не было. I я ўжо меркаваў вечарам схадзіць на пункт, каб даведацца, што з ім такое. Аднак незадоўга да змяркання прыйшоў Шчур. Быў страшэнна ўсхваляваны. Ніколі не бачыў яго такім узбуджаным.