Кручок затрымаўся, выняў з кішэні бутэльку спірту. Стукнуў даланёй аб дно і, выбіўшы корак, закінуў назад галаву, пачаў піць проста з рыльца. Прыкмеціў на тварах людзей усмешкі. Іх здзівіла, што такі малец — ды так п’е. Кручок адарваўся ад пляшкі і падаў мне:
— Трымай!.. Смакчы… і перадай далей!
Я таксама крыху адпіў спірту, а пасля, аддаючы пляшку фігуркам, прамовіў:
— Піце па чарзе… Каб разагрэцца!..
Яны, няўмела лыкаючы, пачалі піць спірт. Амаль усе задыхаліся і адкашліваліся. Упяцёх ледзь асілілі палову бутэлькі. Разам з Кручком мы дапілі рэшту спірту. Пасля сябра вымавіў:
— Хто жадае, можа закурыць… Далей курыць нельга…
Усе закурылі.
— Ці далёка да граніцы? — запыталася мяне адна з фігурак.
— Далёка.
— Ці моцна ахоўваецца?
— He… Хаця гэта залежыць… як для каго… Перайсці заўсёды можна.
У Кручка яны таксама распытвалі пра розныя рэчы, і ён без вялікага жадання адказваў: звычайна цяжка дакладна растлумачыць людзям, якія ў гэтых справах не арыентуюцца, і таму задаюць такія недарэчныя пытанні.
Пасля кароткага адпачынку вырушылі ў далейшы шлях. Доўга цягнуліся палямі, якія дзе-нідзе былі поўнасцю аголеныя ад снегу. Неўзабаве апынуліся на беразе Пцічы. Па краях рэчка была закутая лёдам, а сярэдзінай неслася бурлівая плынь. Трымаючыся левага берагу, мы крочылі ў напрамку Новага Двара. Ісці было цяжка. Ногі гразлі ў тугім, набрынялым вадой снезе. Нарэшце перад сабой убачылі невыразныя абрысы моста. Кручок спыніўся і доўга прыслухоўваўся. Потым падаўся далей. Мы ішлі за ім.
Пакрочылі даволі хутка і дабраліся да моста. Пад нагамі глуха дуднелі замерзлыя дошкі. Унізе шумелі, пераліваліся хвалі. He чакаючы нічога дрэннага, я павольна ішоў за групай. Раптоўна наперадзе ў цемры бліснуў карабінавы агеньчык і бухнуў стрэл. Фігуркі спыніліся. Выхапіўшы з кішэні парабелум і зняўшы забеспячальнік, я кінуўся наперад. Бліснуў ліхтарыкам. Убачыў Кручка, які левай рукой трымаўся за рулю карабіна, а правай накіроўваў наган у грудзі чырвонаармейца. Спачатку не мог іх добра разглядзець, бо чырвонаармеец ляжаў на зямлі, а сабака прытрымліваў яго лапамі і пысай. Пачуў голас Кручка:
— Каро, прэч! Пусці яго!
Сабака адскочыў убок і стаяў нерухома, гатовы ў кожную хвіліну кінуцца зноў. Салдат выпусціў з рук карабін, і Кручок адкінуў яго да ракі. Пачуўся пляскат вады.
— Падымайся! — загадаў Кручок.
А калі салдат падняўся, Кручок вылаяўся і прамовіў:
— Што ж гэта вас так вучаць: спачатку страляць, а пасля крычаць «стой»!
— Мяне, таварыш, сабака напалохаў. Падумаў — воўк!