Светлый фон

Чакаю, пакуль усе пераправяцца. Сціскаючы рукаятку парабелума, аглядаю шырокую адкрытую прастору паміж гэтай рачулкай і лесам. Мне ўсё здаецца, што там, на беразе лесу, ёсць нейкія людзі… He ведаю, адкуль у мяне ўзнікла такое ўражанне. Магчыма, там сапраўды хавалася група перамытнікаў, чакаючы адпаведную хвіліну для пераходу другой лініі і рачулкі.

Пераправа закончана. Павольна ідзём лесам. Заўважаю, што людзі, якіх мы пераводзілі, вельмі хвалююцца. Стараемся крочыць як мага цішэй. Кручок пусціў сабаку наперад.

Нарэшце дабраліся да граніцы. Кручок затрымліваецца, і мы доўга стаім нерухома… Злева далятаюць нейкія шоргаты. Яны штораз выразней даходзяць да маіх вушэй. Кручок павольна крочыць наперад і падыходзіць да густа парослых елак. Збіраемся ў кучу. I доўга, прыслухоўваючыся, стаім на месцы. А шолахі злева то ўзмацняюцца, то заціхаюць. «Альбо перамытнікі ідуць, альбо — зялёнкі», — думаю я.

Мне падалося, што шоргаты абмінаюць нас зводдаль і пасоўваюцца да мяжы. «А можа, гэта „дзікія“?» У той жа момант злева, наўскасяк, перад намі гучаць адзін за другім некалькі стрэлаў, якія рознагалосым рэхам ляцяць па лесе. Пасля чуваць галасы людзей:

— Стой! Стой!..

— Падай! Рукі ўгору!

«Спачатку забіваюць, а пасля крычаць: „Стой!“», — думаю, прыслухоўваючыся да гэтага ляманту злева.

Кручок выходзіць з нашай схованкі і шэптам кажа:

— He адставаць… Крочыць ціха…

Пайшоў наперад, мы за ім. Трымаю падрыхтаваную для стрэлу зброю. А лямант злева не аціхае. Адтуль чуваць стрэлы, воклічы, тупат ног. Прыкідваю, што адбываецца гэта на адлегласці больш ста крокаў ад нас.

Выходзім на пагранічную паласу. На снезе бачым мноства слядоў, якія ідуць у розных напрамках. Гэта сляды звяроў і людзей. Яны ўяўляюць цікавую кнігу жыцця граніцы, адкуль той, хто ўмее чытаць, можа даведацца шмат цікавых рэчаў. Знікаючы ў лесе, на другім баку паласы, мы пакінулі ў той кнізе свае сляды.

Пад раніцу завялі фігурак да стадолы на ўскрайку мястэчка. Я застаўся каля брамы, а Кручок пайшоў да хаты жыдоўкі, якая трымала гэты пункт. Праз квадру гадзіны вярнуўся. Побач крочыў нейкі стары жыд. Разам увайшлі ў гумно. Кручок звярнуўся да прысутных:

— Вы знаходзіцеся ў Ракаве. Тут пункт. Тут вам усё растлумачаць, у чым трэба — дапамогуць. Далей свае справы вырашайце як захочаце. Зычу поспеху.

Фігуркі падышлі да нас. Адзін з іх, старэйшы, імкнуўся ўсунуць Кручку, а потым мне некалькі залатых манет, аднак Кручок, а пасля і я не ўзялі грошы. Хлопец прамовіў:

— Нам ужо заплочана… За ўсё сваё падарожжа вы разлічыліся на пункце ў Менску… Мы з вас скуру здзіраць не будзем. Нам хопіць таго, што зарабляем.