Светлый фон

— Што з табой?! Дзе Кручок?.. — пытаюся ў яго.

— З Кручком дрэнна! He ведаю, ці выжыве! Адаслалі ў шпіталь… Лорда арыштавалі…

— За што?!

— Заступіўся за Кручка!.. Гэта хамы! Гэта гады! Гэта жлабы! — праклінаў Шчур.

З яго адрывістага апавядання даведаўся наступнае. Учора апоўдні Кручок і Лорд пайшлі выпіць у рэстаран Гінты. З нашых хлапцоў там нікога не было. Салон запоўнілі паўстанцы… Былі п’яныя і лезлі біцца. Разам з імі піў Альфрэд Алінчук. Меў нейкія агульныя інтарэсы. Лорд з Кручком прыселі за бакавы столік, паўстанцы пачалі чапляцца да Кручка. Іх падбухторваў Альфрэд, які не забыўся, як Кручок стукнуў яму бутэлькай па галаве на вечарынцы ў Сашкі. Адзін з паўстанцаў, зусім п’яны, кінуў у твар Кручку кавалак селядца. Кручок падскочыў да яго і стукнуў кулаком. За сябру заступіліся іншыя паўстанцы. Пачалася бойка. Біліся кулакамі, бутэлькамі, крэсламі. Паўстанцы схапіліся за нажы. Павалілі Кручка на падлогу. Тады Лорд, выхапіўшы рэвальвер, стрэліў некалькі разоў для спалоху, а калі паднялася паніка, пачаў крэсламі біць паўстанцаў, якія ўцякалі. Двух моцна параніў. Яго арыштавалі. Кручок меў некалькі сур’ёзных нажавых ран. Альфрэд жа ўцёк, як толькі пачалася бойка.

Я быў страшэнна ўражаны гэтым апавяданнем.

— Што ж зараз будзе? — запытаўся ў Шчура.

— He ведаю. Кручок цяжка паранены. Можа, не выжыве. А Лорд зараз пасядзіць і за зброю, і за пабоі.

— Кепска! — прамовіў я.

— Дрэнна, браце! — пацвердзіў Шчур.

— Цяпер за адным разам — і ты і я — засталіся без працы! Бо групу Лорда д’яблы пабралі.

Шчур не адказваў і доўга маўчаў. Потым прамовіў:

— Гэта яшчэ пабачым!

— Што? — не зразумеў яго адказу.

Шчур тупнуў нагой. Пальцы сціснуў у кулакі.

— Я ім гэтага не дарую!.. Ніколі!.. I Альфрэдчыку таксама! — казаў, утаймоўваючы гнеў.

Замоўк і доўга нерухома глядзеў перад сабой.

— Гарэлка ёсць? — запытаўся ў мяне пазней.

— Ёсць.

— Давай!.. Гэта клячы! Гэта жлабы! Гэта гады! — зноў пачаў лаяцца Шчур.