— Ну, бо выхаваныя! А да мяне ўсё: калі ласка пані гэта, калі ласка пані тое… Напэўна, якія-небудзь нігілісты альбо іншыя інтэлігенты…
Крочылі лесам. У нейкім месцы з-за дрэў паказалася малая хацінка. Адтуль выйшаў сівенькі стары дзядок. Нягледзячы на ўзрост, быў вельмі рухавы і, размаўляючы з Кручком і Мар’янай, жвава махаў рукамі.
— Ну, Грыбок, як там у цябе, усё ў парадку?
— А, усё, усё… Як заўжды…
— Занёс ім яду?
— А як жа! А як жа!
— Ну, дык пайшлі!
Заглыбіліся ў гушчар. Праз некалькі хвілін дарогі ўбачыў стрэшку зямлянкі. Спераду былі малыя дзверцы, замкнутыя заржавелым, у форме агурка, замком. Грыбок, не падыходзячы да іх і абышоўшы навокал страху, выняў з яе задняй часткі некалькі дошак. Пасля, нахіліўшыся ўніз, прамовіў:
— Вылазьце! Зараз пойдзеце ў дарогу!
Наверх пачалі высоўвацца нейкія людзі. Апрануты былі па-рознаму, аднак, зірнуўшы на твары, я заўважыў ва ўсіх аднолькавы выраз, які цяжка акрэсліць, але ў ім месціліся: увага даследчыка, халодны позірк баксёра, дзіцячая прастата, цікавасць здзіўленага чалавека, які ўбачыў перад сабой людзей, у чые рукі аддаваў свой лёс, сваю надзею, і, нарэшце, нейкі ціхі смутак захоўвалі яны на сваіх спакойных рашучых тварах. Былі апрануты ў паношаныя курткі і паліто, двое ў ботах, трое — у чаравіках. Адзін на галаве меў салдацкую шапку «ячменная каша», другі — вялікую мехавую з навушнікам, двое насілі «керанкі», пяты — быў уладальнікам вялікай чорнай папахі. Такое адзенне не падыходзіла ім. Адчуў гэта адразу. Выглядалі вайскоўцамі або спартсменамі, апранутымі ў рыззё. Іх рухі былі дакладныя і зграбныя. Постаці выпрастаныя. Калі вылезлі са склепа, адзін з іх прывітаў Мар’яну:
— Наша ўшанаванне, пані! Сёння выходзім у дарогу?
— Так. Гэтыя двое, — кабета рухам галавы паказала ў наш бок, — перавядуць усіх праз граніцу і здадуць на пункт.
Усе з цікавасцю паглядалі на нас. З вачэй прамянілася радасць і недавер. Напэўна, іх здзіўляла, што бачаць перад сабой двух маладых хлапцоў. Мусіць, сваіх праваднікоў уяўлялі ў выглядзе магутных страшных здаравякоў.
Змяркалася. Мы павольна крочылі па вузкай лясной сцяжынцы. Кручок быў першым, «фігуркі» ішлі за ім, я замыкаў паход. У лесе снег лепш затрымаўся, чым на палях; калі збіваліся са сцежкі, ён са скрыгатам ламаўся пад нагамі. Тады адшуквалі сцежку, якая хутка прывяла нас да ўскраіны лесу, ля якога ўдалеч бегла шырокая, наезджаная санямі дарога.
Вечар быў цёмны і досыць цёплы. У паветры адчуваліся подыхі надыходзячай вясны. Па лесе разляталіся нейкія дзіўныя пошумы. To трашчала галлё дрэў, то з высокіх ствалоў валіліся ўніз абледзянелыя камякі снегу, то рвалася і сціскалася ад вячэрняга холаду ледзяное шкарлупінне, якім пакрываліся снежныя астраўкі.