Распакавалі перавязы, і Мар’яна разам са Стасяй — старэйшай дачкой — палічыла і запісала тавар. Пасля пачала разлічвацца з Кручком (рабілася гэта на вока). За ўвесь тавар Кручок атрымаў 370 даляраў. Даў мне 20 за дарогу.
Затым Стася і Мар’яна падрыхтавалі нам сняданне. А пасля яды гаспадыня прамовіла:
— Ну, хлапцы, ідзіце на гарышча, пераспіце!
— Яшчэ чаго? — адгукнуўся Кручок. — На гарышча? А я хачу на печ!..
Ён скокнуў на прыпечак, а адтуль даў нырца пад занавеску. Пачуліся крыкі, піск, смех.
— А пойдзеш адсюль!
— Ты бессаромнік!
— Наладзім лазню!
Неўзабаве Кручок, сустрэты кулакамі, сігануў з печы на падлогу. Пасля мы ўзялі два доўгія кажухі і разам з Мар’янай і Стасяй, якая несла лямпу, падаліся ў сенцы, дзе стаяла драбіна, што вяла на гарышча. Кручок узлез наверх і паклікаў сабаку, Каро пачаў спрытна ісці па драбіне. Калі ўсе залезлі на падстрэшак, Мар’яна прамовіла:
— Ліхтарыкам там не свяціць і агню не кідаць.
— Добра, добра, — адказаў Кручок.
Палову гарышча займалі высока складзеныя снапы. Кручок выняў збоку некалькі снапоў і загадаў мне залазіць у нару. За мной пайшоў Каро. Тады Кручок адцягнуў снапы назад у праход і замаскіраваў выйсце з сярэдзіны. Звонку яму дапамагала Стася, якая ўзлезла на гарышча разам з намі. Пазней мы папаўзлі па вузкай нары ў канец падстрэшша. Там было прастарней і магло схавацца з дзесятак людзей. Малое акенца, якое выходзіла на дах, было занавешана рэшткамі чорнай ваўнянай хусткі. У выпадку небяспекі і туды можна было ўцячы.
Зрабілі сабе прыдатную пасцель і хутка паснулі.
* * *
Надыходзіў вечар. У прысутнасці Мар’яны, якая апранула на сябе доўгі жоўты кажух, а на ногі юхтовыя з доўгімі халявамі боты, я і Кручок накіраваліся да блізкага лесу. У руках Мар’яна трымала доўгі кій і абапіралася на яго ў дарозе. Каро бег наперадзе.
— Колькі іх? — запытаў Кручок.
— Пяцёх, — адказала Мар’яна.
— Хто такія?
— He ведаю… Я дакументаў не пытаю. Але нейкія не надзейныя. Ты глядзі там!
— Чаму не надзейныя?