Светлый фон

У пакунках было шмат усялякага адзення і шапак. Акрамя таго, знаходзіліся там розныя незразумелыя па прызначэнні прылады. Спарадкаваўшы ўсе рэчы, зрабілі нараду.

— Зброі ў нас мала, — прамовіў Шчур. — Дзве машыны на трох. Але заўтра будзе болей!

— Адкуль? — запытаўся ў яго.

— «Адкуль»? — Шчур усміхнуўся і вымавіў: — Сам даведаешся. Заўтра ідзём на першую работу!

Грабар пацёр рукі.

— Ну і пайшло! Першая катэгорыя!

— Каго бяром? — запытаўся я ў Шчура.

— Алінчукоў! — урачыста адказаў Шчур.

— He можа гэтага быць! — не паверыў яму.

— Каб мяне так чэрці ўзялі!..

— Дзе крыем?

— Пад мостам, насупраць Вялікага Сяла. Пойдуць туды з таварам.

— Адкуль ты ведаеш пра гэта?

— Я ўсё ведаю. Там праходзяць кожны чацвёрты і пяты раз… I зараз павінны там ісці. А пра тое, што яны выходзяць раніцай у дарогу, я даведаўся ад аднаго «блатняка».

— Можа, ад Ёські Гусяра?

— Ты яго ведаеш?

— Ведаю.

— Ад яго і пачуў.

— Але ж усе Алінчукі ходзяць узброеныя, а ў нас толькі дзве машыны на трох!

— Таму і секанём іх найперш! Трэба здабыць зброю. Я ўжо ўсё абмазгаваў! — вымавіў Шчур.