Час ідзе. Ляжу ў схованцы каля Грабара і, павярнуўшыся тварам да Паморшчыны, думаю пра рознае… Непадалёку адсюль, бліжэй да граніцы, знаходзіцца Капітанская Магіла. Падымаю галаву і праз насып гляджу ў бок граніцы. Аднак нічога не магу заўважыць у змроку, які шчыльна ахутаў нас.
Дзесьці брэша сабака. Стараюся вызначыць: дзе. «Там хтосьці ідзе!» У Паморшчыне гараць агеньчыкі. Іх некалькі. Калі даўжэй узіраюся — здаецца, яны перасоўваюцца. Прымушаю сябе не глядзець, паколькі цемра потым гусцее і цяжка што-небудзь заўважыць на мясцовасці.
Сплываюць хвіліны, квадры, гадзіны. Няма нікога. Паглядаю на фасфарычныя стрэлкі. Хутка адзінаццаць. Тады чую нейкі невыразны звон, нібыта стук па каменю абцасам. Зірнуў управа і пачаў прыслухоўвацца. Падалося, што чую тупат крокаў. Потым усё сцішылася. Зноў хібіў… «А можа, сёння яны ўвогуле не пойдуць альбо вырушылі іншым шляхам?»
Раптоўна ўсё выразней чую лёгкі шоргат крокаў.
«Ідуць, — думаю радасна. — Сапраўды ідуць!»
Тулавам прыціскаюся бліжэй да зямлі, галаву падымаю над насыпам і стараюся ахапіць зрокам мясцовасць, якая знаходзіцца справа ад мяне і патанае ў сутоннях. Аднак у такую змрочную ноч найлепшы мой паслугач — слых, і цяпер я штораз выразней адрозніваю крокі людзей. Штурхаю Грабара ў бок локцем і руляй парабелума паказваю ў цемру, адкуль чую крокі. Ён доўга прыслухоўваецца, а потым сцвярджальна ківае галавой. Падрыхтоўвае ліхтарык і нож: з нажом у руцэ будзе абшукваць Алінчукоў.
Ужо вельмі выразна чую крокі. Тады цягну адзін раз за шнурок. Шчур злёгку адказвае мне… He спіць…
А крокі ўсё бліжэй. Ведаю — гэта не зялёнкі — да граніцы адсюль значны кавалак адлегласці, і трымаюцца яны гуртам, а зводдаль ад граніцы не паводзілі б сябе так ціха. Гэта ці Алінчукі, ці іншыя перамытнікі.
Нечакана ў 10 кроках ад мяне выразна бачу постаць, якая ўзнікае з цемры. За ёй сунуцца наступныя. Каб перамытнікі не заўважылі мой твар, нахіляю ўніз галаву.
Іх пяцёра. Падыходзяць да насыпу. Спыніліся паблізу канала. Доўга стаяць нерухома, потым адзін з тых хутка ўзбег на насып і перайшоў яго на другі бок. Я не чакаў гэтага. «Што такое? Можа, увогуле не пойдуць у канал!» Пазіраю то на астатніх чатырох чалавек, то на ўваход у канал. Вакол цішыня. «Можа, хочуць разведаць другі бок насыпу і канал?» — думаю і не памыляюся. Праз пэўны час заўважаю, як у некалькіх кроках ад мяне з канала паказалася істота з шэрым прастакутнікам ношкі на спіне. Чую ціхае: «Цыц! Цыц!» — і чатыры цёмныя постаці накіроўваюцца паўз насып да ўвахода. Адразу ўсе. Сэрца хутка з радасцю б’ецца, скача ў грудзях: усё атрымалася выдатна — як мы прадбачылі!